МІНСК, 27 ліс - Sputnik. Кодэкс аб адукацыі да гэтага часу не паступіў у палату прадстаўнікоў, заявіў, адказваючы на пытанне Sputnik, старшыня Камісіі па адукацыі, культуры і навуцы ў парламенце Ігар Марзалюк.
"Я вельмі хачу яго ўбачыць. Я другі раз вымушаны адмовіцца ад правядзення парламенцкіх слуханняў, таму што няма чаго слухаць", - сказаў Марзалюк.
Апошні раз Міністэрства адукацыі арыентавала дэпутатаў, што парламенцкія слуханні могуць адбыцца 3 верасня. Але праект "затрымаўся" ў апараце Савета міністраў.
"У апараце Саўміна хтосьці яго па нейкіх прычынах адправіў на дапрацоўку. Але папярэдне нам сказалі, што ён абавязкова будзе ў сакавіку. Міністэрства робіць усё магчымае і немагчымае, яно само зацікаўленае, каб як мага хутчэй. Магчыма, праект паступіць зімой. Але тое, што ў гэтым каляндарным годзе мы яго не ўбачым, гэта факт", - распавёў кіраўнік камісіі.
Пры гэтым ён заўважыў, што азнаёміўся з праектам, які павінен быў абмяркоўвацца ў парламенце ў верасні, і адзначыў, што гэтая версія Кодэкса ў "выгадны бок адрозніваецца ад таго, які быў два гады таму вывешаны на сайце Міністэрства на абмеркаванне".
Марзалюк падкрэсліў, што як толькі Кодэкс аб адукацыі паступіць у парламент, дэпутаты не будуць цягнуць з яго прыняццем.
"Я думаю, усе дробныя заўвагі будуць аператыўна знятыя. Галоўнае, каб ён сюды паступіў. І за першыя паўгода мы яго прымем у першым чытанні, а магчыма і ў другім - з улікам таго, наколькі ён патрэбны", - сказаў кіраўнік профільнай камісіі.
Паводле яго слоў, Кодэкс аб адукацыі чакаюць ва ўсёй сістэме адукацыі, і асабліва ў вышэйшай школе, паколькі ў дакуменце закладзены такія моманты, як балакаўрыят і магістратура.