Талісман II Еўрапейскіх гульняў прэзентавалі ў Мінску

Улетку 2017 года пачаўся адкрыты конкурс на распрацоўку талісмана Еўрагульняў-2019, прыём заявак скончыўся ў лістападзе таго ж года, але хто стаў маскотом спаборніцтваў стала вядома толькі цяпер.
Sputnik

МІНСК, 30 ліс - Sputnik. Талісманам II Еўрапейскіх гульняў стала лісяня Лесік, перадае карэспандэнт Sputnik з доўгачаканай прэзентацыі маскота спаборніцтваў.

"Сам па сабе персанаж, здаецца, просты - гэта вельмі гарэзлівае беларускае лісяня. Але легенда яго аб'ядноўвае ў сабе і ўсе вядомыя з дзяцінства класічныя сусветныя творы прозы, беларускую міфалогію і легенду, звязаную з Папараць-кветкай. Мы пастараліся зрабіць такі вельмі цікавы, глыбокі мікс, але, з іншага боку, лёгкі для разумення, асноўнай ідэяй якога з'яўляецца сяброўства", - распавёў карэспандэнту Sputnik намеснік дырэктара фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Анатоль Котаў.

Талісман II Еўрапейскіх гульняў прэзентавалі ў Мінску

Паводле яго слоў, была праведзена вялікая праца па прыцягненні прафесіяналаў да распрацоўкі талісмана, каб вобраз быў яркім, вядомым, дынамічным, цікавым. "І каб ён адлюстроўваў сутнасць мерапрыемства, Беларусь і энергію Купалля, якую мы будзем дарыць на працягу чэрвеня наступнага года нашым гасцям, нашым сябрам", - адзначыў Котаў.

Конкурс на стварэнне талісмана Еўрагульняў-2019 года, якія пройдуць у Беларусі, стартаваў у ліпені 2017 года, праз некалькі месяцаў прыём заявак завяршыўся, але дырэкцыя спаборніцтваў не стала адразу раскрываць інтрыгу, што за персанаж будзе візуальным увасабленнем спаборніцтваў. Вядома было толькі, што ў конкурсе ўдзельнічалі не толькі прафесійныя мастакі і дызайнеры, але і аматары.

Акрамя таго, у лістападзе 2017 года арганізатары паказалі працы, якія дасылалі ўдзельнікі. Аднак прэзентацыю маскота адкладалі некалькі разоў, і ў выніку паказалі яго толькі ў чацвер, 29 лістапада.

Талісман II Еўрапейскіх гульняў прэзентавалі ў Мінску

"Нягледзячы на тое, што на конкурс была прадстаўлена маса цікавых работ, трэба было абраць больш чым з тысячы варыянтаў, але, на жаль, на ўсе 100% траплення ў кропку не было. Таму мы выбралі працу прафесіянала", - растлумачыў Котаў.

Дзеці вельмі захоплена адрэагавалі на лісяня Лесіка, у якога ўжо ёсць свой акаунт у Instagram - lesic_2019.

У прэзентацыі прынялі ўдзел паслы II Еўрапейскіх гульняў, прадстаўнік ЮНІСЭФ у Беларусі доктар Рашэд Мустафа Сарвар, алімпійскі чэмпіён па веславанні Аляксандр Багдановіч. Таксама ў ліку першых, хто даведаўся, якім будзе талісман, беларускія спартсмены і зоркі, у тым ліку, прадстаўнік нашай краіны на дзіцячым Еўрабачанні-2018 Даніэль Ястрэмскі, прадстаўнікі замежных дыпламатычных місій, міністэрстваў і ведамстваў рэспублікі, а таксама выхаванцы дзіцячых SOS-вёсак. На прэзентацыі ўзнагародзілі лаўрэатаў конкурсу, працы якіх прэтэндавалі на тое, каб стаць талісманам.

Нагадаем, II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. У спаборніцтвах прымуць удзел больш за 4 тысячы спартсменаў з 50 краін Еўропы. Яны разыграюць 200 камплектаў медалёў у 23 спартыўных дысцыплінах. Слоганам будучых Еўрагульняў абралі фразу Bright Year, Bright You - "Яркі год, яркі ты". Рускамоўны варыянт слогана - "Час яркіх перамог", на беларускай мове гэта гучыць, як "Гадзіна яскравых перамог". Квіткі на спаборніцтвы можна будзе купіць, пачынаючы з 1 снежня бягучага года.