МІНСК, 3 сне - Sputnik. Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт адзначыў 70-годдзе з дня заснавання. З гэтай нагоды ў ВНУ прайшлі святочныя мерапрыемствы, пра гэта паведамляюць у прэс-службе ўстановы.
Універсітэт прыняў віншаванні ад прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі: беларускі лідар пажадаў ВНУ міру, дабра і новых здзяйсненняў.
"Захоўваючы традыцыі айчыннай адукацыі, пераемнасць ведаў і высокі ўзровень падрыхтоўкі, ваша ВНУ карыстаецца вялікім даверам і папулярнасцю. Перакананы, што і ў далейшым аўтарытэт універсітэта будзе падтрымлівацца прафесійнымі поспехамі педагогаў і выпускнікоў, адданых сваёй справе", - гаворыцца ў віншаванні кіраўніка дзяржавы.
Павіншаваў МДЛУ і міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка.
"За мінулыя дзесяцігоддзі МДЛУ заваяваў заслужаны аўтарытэт у прафесійнай супольнасці і заняў годнае месца ў сістэме айчыннай вышэйшай адукацыі", - адзначыў ён і пажадаў ВНУ плённай працы і новых дасягненняў.
Як паведамілі ў прэс-службе, урачыстае пасяджэнне Савета МДЛУ адбылося ва ўніверсітэце на мінулым тыдні, яго наведалі многія знакамітыя госці. Таксама прайшоў святочны вечар з творчым канцэртам ад цяперашніх студэнтаў.
Адукацыю ў МДЛУ атрымалі студэнты з 60 краін свету. Сёння на сямі факультэтах англійскую, французскую, іспанскую, шведскую, арабскую і іншыя мовы вывучаюць больш за сем тысяч студэнтаў. У гэтым годзе ў ВНУ адкрылі першы ў Беларусі факультэт кітайскай мовы і культуры.