Ад 8 рублёў: колькі будуць каштаваць натуральныя елкі ў гэтым годзе

У гэтым годзе па ўсёй Беларусі будуць працаваць больш за 1,1 тысячы ёлачных кірмашоў, дзе можна будзе набыць жывыя навагоднія дрэвы ад 1 да 5 метраў.
Sputnik

МІНСК, 5 сне - Sputnik. Жывыя елкі на ёлачных базарах Беларусі напярэдадні Новага года будуць каштаваць ад 8 рублёў, пра гэта распавяла журналістам начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання МАРГ Віялета Бразоўская.

Стала вядома, колькі шампанскага нарыхтавалі для беларусаў да Новага года

"Рознічныя цэны на натуральныя елкі адрозніваюцца ў залежнасці ад вышыні. Вышынёй да 1 метра - ад 8 рублёў, ад 1 да 2 метраў - ад 10 рублёў, ад 2 да 3 метраў - ад 14 рублёў. Вялікія елкі да 4 метраў будуць каштаваць ад 28 рублёў, да 5 метраў - ад 39 рублёў. Елі натуральныя ў кадках будуць рэалізоўвацца па цэнах прыкладна ад 25 рублёў", - пералічыла спецыяліст.

Па словах прадстаўніка МАРГ, больш за ўсё ёлачных базараў у гэтым годзе будзе ў Мінскай і Гомельскай абласцях. "Ёлачныя базары ў краіне пачнуць працаваць 17-22 снежня, іх запланавана 1146, што больш на 4,2%, або на 46 кірмашоў, чым у мінулым годзе. Яны будуць працаваць з 10:00 да 19:00", - паведаміла Бразоўская.

У Мінску ёлачныя кірмашы будуць дзейнічаць ва ўсіх раёнах горада ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. "Сімвал свята - навагоднія дрэвы - можна набыць у гандлёвых арганізацыях Мінска як штучныя, так і жывыя. Дрэвы ў кадках можна купіць ужо цяпер. На ёлачных базарах пакупнікам прапануюць жывыя елкі рознай вышыні", - адзначыла начальнік аддзела развіцця гандлю Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Жанна Зоткіна.

Паводле яе слоў, цяпер вядзецца праца па заключэнні дагавораў з ляснымі гаспадаркамі на пастаўку натуральных елак для далейшага продажу насельніцтву. "Усяго запланавана атрымаць парадку 28-30 тысяч штук жывых дрэў", - падкрэсліла прадстаўнік ГУПР Мінгарвыканкама.

Акрамя таго, жыхарам сталіцы прапануюць розныя штучныя елкі, у тым ліку дэкараваныя, вышынёй ад 30 сантыметраў да 5 метраў. "Яны будуць каштаваць ад 9 да 390 рублёў. Асартымент іх налічвае звыш 100 відаў. З іх больш за 40 - гэта прадукцыя айчынных вытворцаў", - патлумачыла Зоткіна.