Аказалася, што горадабудаўніцтва можа быць пацешным і смачным. Спецыялісты аб'ядналі свае таленты, каб стварыць складаны мініятурны горад, цалкам зроблены з імбірных пернікаў.
Gingerbread City - гэта цалкам асветленая канструкцыя, якая ўключае больш за 60 будынкаў, офісы, дарогі, масты, а таксама кінатэатр, бібліятэку, гарадскую ферму, спартыўны стадыён і батанічныя сады.
Пернікавы горад будучыні стварылі з прымяненнем інавацыйных рашэнняў і сацыяльнай адказнасці. Тут ёсць SugarLoop - сістэма дарог, якая ўключае жалезную, канатную дарогу і веласіпедныя дарожкі, прытулак для бяздомных, які, нарэшце, вырашыць галоўную праблему Лондана, паб Hot Cross з арганічным броварам, кінатэатр Curdzon, які выкарыстоўвае LED-асвятленне. І ўсё гэта з імбірных пернікаў, жэле і карамелі!
Як жартуюць самі горадабудаўнікі, самым складаным у працэсе будаўніцтва было раптоўнае знікненне некаторых дэталяў і матэрыялаў.
Выстава Gingerbread City адкрыецца ў лонданскім музеі V & A 8 снежня і будзе працаваць да 6 студзеня. Для наведвальнікаў будуць арганізаваны лекцыі і семінары, дзе ім распавядуць, як пабудаваць такі горад у сябе дома.