МІНСК, 6 сне - Sputnik. Урад Расіі ўхваліў праект федэральнага закона аб ратыфікацыі пагаднення з Беларуссю аб бязвізавым уездзе на спартыўныя мерапрыемствы, паведаміў у сераду расійскі Кабмін.
"Адобрыць праект федэральнага закона "Аб ратыфікацыі дамовы паміж урадам Расійскай Федэрацыі і ўрадам Рэспублікі Беларусь аб некаторых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы", і ўнесці яго ў Дзяржаўную думу ва ўстаноўленым парадку, - гаворыцца ў паведамленні.
Згодна з дакументам, замежнікі і асобы без грамадзянства, якія плануюць наведаць міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы, у перыяд яго правядзення могуць як уязджаць, так і выязджаць або ехаць транзітам па тэрыторыях дзвюх дзяржаў без афармлення віз.
Пагадненне аб бязвізе для замежнікаў было падпісана 29 мая гэтага года ў Мінску.
Праца вядзецца
Як паведаміў Sputnik начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі палкоўнік міліцыі Аляксей Бягун, у цяперашні час кампетэнтныя органы дзвюх краін вядуць актыўную працу па пытаннях узаемадзеяння ва ўмовах бязвіза для заўзятараў. Паводле яго слоў, трэба вызначыць механізм перадачы звестак пра асоб, якія прыедуць на тэрыторыю Беларусі падчас II Еўрапейскіх гульняў, у тым ліку "і па праблемных пытаннях".
"Праца па гэтым напрамку ідзе актыўная, бакі разумеюць важнасць узгаднення ўсіх пытанняў, механізмаў, а таксама ўлічваюць тэрміны, у якія павінны быць прыняты адпаведныя дакументы", - падкрэсліў Бягун.
Паводле яго слоў, трэба распрацаваць парадак узаемадзеяння кампетэнтных органаў Беларусі і Расіі, каб забяспечыць парадак перамяшчэння замежнікаў падчас гульняў "як у адным, так і ў іншым кірунку" на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.