МІНСК, 7 сне - Sputnik. Увосень каля трох тысяч чалавек спрабавалі перасекчы мяжу па несапраўдных пашпартах, паведамілі ў ДМК.
Гэта ўдвая менш, чым у летні перыяд, і памежнікі тлумачаць такое паляпшэнне сітуацыі тым, што прайшоў сезон адпачынкаў і школьных вакацый.
"Прычына прад'яўлення несапраўдных дакументаў на мяжы засталася ранейшай - няўважлівасць і нядбайнасць уладальнікаў дакументаў. Адзначым, што восенню мінулага года былі выяўленыя больш за дзве тысячы аналагічных выпадкаў", - распавялі ў ДМК.
Самая частая праблема - людзі спрабуюць перасекчы мяжу па дакументах, якія для гэтага не прызначаны або зусім без іх.
На другім месцы рэйтынгу няўдалых спробаў перасекчы мяжу - прад'яўленне памежнікам змоклых, падраных, размаляваных і іншымі спосабамі сапсаваных дакументаў.
Замыкаюць тройку лідараў уладальнікі пашпартоў, якiя знаходзяцца ў спісах згубленых, скрадзеных і са скончаным тэрмінам дзеяння.
Гэтай восенню несапраўдных дакументаў прад'явілі ў паўтара разы больш, чым годам раней галоўным чынам таму, што павялічыўся трансгранічны пасажырапаток, патлумачылі ў ведамстве. За 11 месяцаў гэтага года праз беларускую мяжу прайшлі 24 мільёны чалавек - на мільён больш, чым у 2017 годзе.
Для таго каб падарожжа не сарвалася, Дзяржпагранкамітэт рэкамендуе перад замежнымі паездкамі праверыць свае дакументы. Там нагадалі, што напярэдадні калядных і навагодніх святаў пасажырапаток праз мяжу павялічыцца, і ў ведамстве прагназуюць чэргі перад пунктамі пропуску. Памежнікі папрасілі ўлічваць гэта і правяраць інфармацыю і загружанасці мяжы перад выездам. За восеньскія месяцы на беларускай мяжы выяўлена больш за 3 тысячы несапраўдных дакументаў.