Мінск разлічвае на дапамогу Варшавы па заключэнні візавага пагаднення з ЕС

Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы запэўніла, што польскі ўрад гатовы адгукнуцца на просьбу беларускага боку.
Sputnik

МІНСК, 7 сне - Sputnik. Беларусь разлічвае на падтрымку Польшчы ў пытанні падпісання пагадненняў з Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавых фармальнасцяў і аб рэадмісіі, заявіў у пятніцу намеснік кіраўніка МЗС рэспублікі Яўген Шастакоў.

Замежнікам з беларускай візай могуць дазволіць уязджаць у Расію

У Мінску прайшло пасяджэнне беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах трансгранічнага супрацоўніцтва.

"Беларускі бок у чарговы раз апеляваў да падтрымкі Варшавы нашай пазіцыі ў перамовах з Брусэлем па пытанні хутчэйшага заключэння пагадненняў аб спрашчэнні візавых фармальнасцяў і рэадмісіі", - заявіў журналістам Шастакоў.

Ён нагадаў, што Беларусь на працягу апошніх гадоў паслядоўна спрашчае парадак уезду на сваю тэрыторыю для грамадзян больш за 80 дзяржаў, у тым ліку грамадзян Еўрасаюза, у тым ліку і Польшчы, "чым частка польскай дэлегацыі паспяхова і скарысталася".

Шастакоў таксама адзначыў, што пасля ўступлення ў сілу беларуска-расійскага пагаднення аб узаемным прызнанні візаў трэціх краін, будзе вырашана праблема транзіту праз тэрыторыю рэспублікі ў Расію грамадзян трэціх краін, у тым ліку грамадзян Польшчы наземным транспартам.

У сваю чаргу намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Рэната Шчэнх запэўніла, што ўрад Польшчы гатовы адгукнуцца на просьбу Мінска, і падзякавала беларускаму боку за палітыку візавай лібералізацыі.

"Мы дэкларуем падтрымку просьбы беларускага боку аб спрашчэнні ўезду яе грамадзян на тэрыторыю Еўрасаюза", - сказала Шчэнх.

З 2014 года Беларусь і ЕС праводзяць кансультацыі па праектах пагадненняў аб спрашчэнні візавых фармальнасцей і рэадмісіі, якія плануецца падпісаць пакетам.