Абласцям, якія адмовіліся ад кніг Алексіевіч, прапануюць іх яшчэ раз

Атрымаць у падарунак кнігі лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры зможа любая бібліятэка.
Sputnik

МІНСК, 20 сне - Sputnik. Бібліятэкі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей могуць бясплатна атрымаць поўнае выданне кніг беларускай лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня праўлення "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка.

Беларускамоўныя выданні Алексіевіч з'явяцца ў кожнай бібліятэцы краіны

Менавіта гэтыя вобласці адмовіліся ад унікальнага пяцітомніка "Галасы ўтопіі", які ў гэтым годзе банк планаваў падарыць усім беларускім бібліятэкам. Напрыклад, ад Гродзенскага аблвыканкама банкіры атрымалі афіцыйны адказ: "кніг Алексіевіч у бібліятэках дастаткова".

"З дапамогай гэтага праекта мы даведаліся, што нуль для беларускіх чыноўнікаў – гэта дастаткова. Я ніколі не думаю, што падарунак можа быць камусьці непатрэбны. Хаця б з ветлівасці людзі прымаюць нават непатрэбныя рэчы", - упэўнены старшыня праўлення банка Віктар Бабарыка.

Такім чынам з’явілася ідэя яшчэ раз прапанаваць кнігі нобелеўская лаўрэаткі, але ўжо не чыноўнікам, а супрацоўнікам бібліятэк.

"Любы прадстаўнік бібліятэкі гэтых абласцей можа замовіць тую колькасць кніг, якую ён лічыць неабходнай для сваёй установы", - патлумачыў Бабарыка.

Ён лічыць, што у гэтага праекта могуць быць два вынікі. Магчыма, высветліцца, што і людзям у гэтых абласцях непатрэбныя кнігі Алексіевіч.  

"Магчыма мы убачым тое, што вельмі часта назіраем. Рознасць паміж жаданнямі людзей і жаданнямі ўладаў, якія лічаць, што бібліятэкі не маюць патрэбы ў кнігах нобелеўскай лаўрэаткі", - дадаў банкір.

Для таго, каб атрымаць першае поўнае выданне кніг Алексіевіч, дастаткова зайсці на сайт праекта і аформіць заказ. Для афармлення заказа трэба пазначыць вобласць, раён, населены пункт і назву бібліятэкі. Сваіх уладальнікаў чакаюць крыху больш за 600 камплектаў кніг.