Калядная Каза была ўключана ў базу дармаедаў і пагражала з'ехаць на будаўніцтва асабістага жыцця ў Польшчу, Мядзведзь забыўся пра нормы ўвозу на мяжы і трапіў пад "ліпасанкцыі", а калядоўшчыкі песнямі і ўгаворамі ратавалі калядных персанажаў ад пошасцяў, адначасова адганяючы беды ад гаспадароў. Журналістка Sputnik Іна Грышук паўдзельнічала ў традыцыйным для Гродна калядным абрадзе і даведалася, як весялілі гарадзенцаў у гэтым годзе.
Дайце піцу, каб адпачывалі ў Ніцы
"А ці дома-дома сам пан-гаспадар, святы вечар добрым людзям", - з такімі словамі ў песні пераапранутыя ў Гродне ўваходзілі ў кватэры ці прасілі ў дамафон адкрыць дзверы пад'езда.
Ужо ў доме перад гаспадарамі разыгрываўся традыцыйны сцэнар, які захоўваецца і штогод праводзіцца на Каляды ўжо больш за 30 гадоў. Героі і вобразы ў ім перыядычна мяняюцца, але нязменнай застаюцца Калядная зорка і Каза, якая падчас абраду павінна ўпасці мёртвай, а затым ажыць, калі ёй прынясуць смачныя пачастункі.
Чым частаваць Казу, гаспадарам звычайна падказваюць калядоўшчыкі, у якіх на гэты выпадак нарыхтавана з дзясятак жартаўлівых прасілак: "Прынясі кавалак піццы, Каб адпачывалі у Ніцы", "А калі не спеклі піццы, нам кампоціку наліце". Каза перыядычна таксама падае голас. "Каляда, Каляда, каўбасу я чую", - намякае яна і дадае, што Каза зусім не вегетарыянка.
Каб традыцыйны сцэнар зрабіць больш цікавым, кожны год у яго ўключаюцца новыя персанажы, а ў жартах узгадваюцца самыя актуальныя ў краіне тэмы. У гэтым годзе да казы прыйшоў інспектар па дармаецкай базе, які ўспомніў, што Мар'я Нікіфараўна лячыла рогі ў бясплатнай паліклініцы, і пачаў дапамагаць шукаць ёй працу.
Напрыклад, адправіцца на малаказавод, а калі не хоча, то адразу на мясакамбінат. Пачуўшы такія прапановы, Каза надзела будаўнічую каску і сказала, што паедзе ўслед за гродзенскімі будаўнікамі ў Польшчу - будаваць асабістае жыццё.
Забаўляў гаспадароў і Мішка, які загадваў загадкі, танчыў і паказваў дыплом "Смаргонскай мядзведжай акадэміі". Запаслівы Мішка распавядаў, як вёз мёд праз мяжу і як не змог прайсці мытны кантроль з-за перавышэння нормы вагі.
"Давялося рабіць гэтыя, ліпа... ліпасанкцыі, каб трошкі схуднець ды 50 кіло", - бедаваў Мядзведзь, які ў новым годзе наўрад ці зможа ўпісацца ў абрэзаныя ўдвая нормы.
З песнямі і карагодамі
У прамежках паміж вясёлымі сцэнкамі калядоўшчыкі спявалі традыцыйныя калядныя песні, вадзілі карагоды і жадалі гаспадарам шмат шчасця, здароўя і дастатку. Увесь калядны абрад праводзіцца толькі на беларускай мове.
У старажытнасці людзі верылі, што калядны абрад дапамагае пазбавіцца ад усіх бед і няшчасцяў адыходзячага года. Усе нягоды павінны паміраць разам з Казой, а яе ажыўленне прыносіць у дом радасць, шчасце, прадвесціць добры ўраджай, або, ў паняццях сучаснага жыцця, рост заробкаў. Праяўленая шчодрасць гаспадароў, калі яны спрабуюць падняць "памерлую" Казу, кажа пра тое, што ў новым годзе іх чакае дастатак.
Наступным разам гродзенскія калядоўшчыкі пойдуць па хатах Гродна на праваслаўнае Раство. Калядоўшчыкі прызнаюцца: адпраўляюцца калядаваць не дзеля пачастункаў, а каб захаваць і падтрымаць традыцыйны гродзенскі звычай.