Навагодні зварот прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі

Па традыцыі беларускі лідар за некалькі хвілін да Новага года звярнуўся з віншаваннямі да ўсіх беларусаў. Sputnik прыводзіць поўны тэкст зварота Аляксандра Лукашэнкі.
Sputnik

Дарагія сябры!

Надыходзіць самы дзіўны час у годзе, калі мінулае, сучаснае і будучае зліваюцца ў адно імгненне. І застаюцца ўсяго толькі секунды, каб ацаніць тое, што зроблена, падумаць аб тым, што чакае.

Гэты час сагравае і радуе сэрцы, аб'ядноўвае нас у самых лепшых пачуццях і чаканнях.

Традыцыйна сем'ямі, разам з роднымі, блізкімі, сябрамі вы сабраліся за святочным сталом.

Вядома ж, самыя шчаслівыя сярод нас - нашы дзеці. У школьнікаў доўгачаканыя канікулы.

І мая просьба да вас, хлопчыкі і дзяўчынкі: не забывайце, што ў вас ёсць бацькі, бабулі, дзядулі. Запрасіце іх на культурныя, спартыўныя мерапрыемствы. Ну проста правядзіце час разам. Гэтым вы падорыце ім нямала шчаслівых хвілін.

Разам з намі ў гэты святочны час наша будучыня - моладзь. Тое, якой мы ўбачым Беларусь заўтра, залежыць ад кожнага з вас. Гэта вы павінны захаваць і прымножыць створанае.

Сёння краіне асабліва патрэбны вашы інтэлект і энергія.

Помніце: ніхто, ніколі і нідзе не будзе любіць і берагчы вас так, як дома.

Але асаблівую цеплыню сваіх слоў я накіроўваю вам, працаўнікам палёў і заводаў, нашай інтэлігенцыі, абаронцам Айчыны, старэйшаму пакаленню і старым. Усім, хто стварыў на жыватворнай беларускай зямлі першую суверэнную і незалежную дзяржаву, прадаўжае ствараць яе сучаснасць. Мы павінны ўмацаваць сваю дзяржаўнасць на прынцыпах сумленнасці і справядлівасці і менавіта такой захаваць краіну для дзяцей і ўнукаў.

Адыходзячы год дапамог нам асабліва адчуць сувязь з роднай зямлёй.

Ён стаў першым у трылогіі "Малой радзімы". Нагадаў, дзе тыя крыніцы, што даюць нам сілу і энергію.

Вярнуў да вытокаў. Туды, дзе па-асабліваму б'ецца сэрца, дзе ўспамінаецца самае запаветнае.

Мы аб'ядналіся ў імкненні зрабіць кожны куток Беларусі не проста прыгожым, а ўзорным.

І ў надыходзячым годзе нам трэба будзе зрабіць усё, каб краіна патанала ў зеляніне і кветках, натхняла на творчасць і стварэнне, каб нам заўсёды хацелася вярнуцца дадому.

Я не магу абысці ўвагай тых, хто цяпер на пасту: ахоўнікаў нашых жыццяў, людзей, якія забяспечваюць ваенную і эканамічную бяспеку Беларусі. Вялікі вам дзякуй за службу і адданасць справе!

Адыходзіць 2018 год...

Для кожнага з нас ён склаўся па-рознаму. Мы страчвалі родных і блізкіх, знаходзілі новых сяброў, нараджалі і гадавалі дзяцей. Усё, як звычайна ў жыцці. Але галоўнае - мы захавалі мірнае неба для беларусаў і ў вачах нашых дзяцей няма страху і бязвыхаднасці ад вайны.

Давайце ўсе разам берагчы гэту найвялікшую каштоўнасць.

У адыходзячыя імгненні старога года мы ўглядаемся ў абрысы новага, 2019 года.

Гэта год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гэта год 25-годдзя Асноўнага Закона Беларусі.

Гэта год II Еўрапейскіх гульняў.

Гэта будзе год цяжкай працы, перамог і паражэнняў. Разам мы здольныя рабіць немагчымае. Мы абавязкова пераадолеем перашкоды і забяспечым будучыню нашай Радзімы.

Дарагія беларусы, госці нашай краіны!

Шчасця і дабра вам, вашым блізкім, вашым дзецям!

Няхай наша родная Беларусь, прыгожая сваімі прыроднымі багаццямі, велічная сваёй высокадухоўнай і культурнай спадчынай, моцная сваім мудрым, добрым, працавітым народам, заўсёды працвітае, жыве ў міры і згодзе.

З Новым годам, дарагія сябры!