МІНСК, 10 сту - Sputnik. Што паспелі зрабіць будаўнікі за месяц рамонтна-рэстаўрацыйных работ на стэле "Мінск - горад-герой" і што яшчэ плануюць, высвятляў карэспандэнт Sputnik. Зараз тут поўным ходам ідуць работы каля падмурка манумента.
Наладзілі цяпляк
Уваход на будаўнічую пляцоўку арганізаваны з боку вуліцы Гвардзейскай. За трохметровым чырвона-зялёным плотам размясціўся часовы бытавы гарадок і месца для матэрыялаў. А ля падножжа самога абеліска будаўнікі зрабілі так званы цяпляк - шацёр, створаны з дошак і празрыстай плёнкі.
"Тут працуюць цеплавыя гарматы, каб можна было весці бетонныя працы і абліцоўванне гранітам у зімовы перыяд", - знаёміць з будаўнічай пляцоўкай вядучы інжынер аддзела тэхнічнага нагляду УКБ Цэнтральнага раёна Мінска Дар'я Запрудская.
Цяпляк апраўдвае сваю назву - унутры і праўда цёпла, у той час як на вуліцы мінус дзесяць градусаў, ды яшчэ з ветрам. Усе асноўныя працы зараз праходзяць менавіта тут.
Пліты перапоны
Першапачаткова будаўнікі меркавалі, што на першым этапе рэканструкцыі стэлы прыйдзецца проста замяніць гарызантальныя пліты, але ў выніку апынулася, што пад імі прадзіравілася і бетонная сцяжка. Цяпер манумент аголены да падмурка.
"Многія гранітныя пліты пацярпелі за час эксплуатацыі, у фрагментаў з'явіліся сколы. Таму было вырашана замяніць усю падлогу. А вось вертыкальныя элементы, падобныя да кавалачкаў скалы, вернуць на месца, але спачатку ачысцяць ад "пылу часу", - спецыяліст паказвае на ўзровень, які хутка ізноў запоўняць бетонам і вернуць граніт.
Акрамя гэтага, вакол абеліска збудаваныя двухпавярховыя рыштаванні - наверсе ўжо рэканструююць месца пад памятную таблічку аб прысваенні беларускай сталіцы звання горада-героя. Сама ж таблічка зараз знаходзіцца на рэстаўрацыі.
Па словах Дар'і Запрудскай, пліты для надпісу таксама будуць замененыя, а літары зноўку накрыюць сусальным золатам. Дарэчы, звонку на абеліску пакуль вісіць копія гістарычнай таблічкі.
Надвор'е як ўмова
У бліжэйшы час будаўнікі пачнуць заліваць бетон, а следам абкладуць новыя гранітныя пліты. Працы каля падмурка абеліска працягнуцца на працягу студзеня-лютага. А вясной, калі настане цёплае надвор'е, рэканструкцыя пачнецца ўжо на самой 45-метровай канструкцыі. Візуальна здаецца, што абеліск, які ўздымаецца ў неба, у нармальным стане. Але, прыгледзеўшыся, можна заўважыць белыя сляды на кожным са швоў бетонных блокаў.
"Усе швы будуць расчышчаны, сляды прыбраныя, будзе зроблена спецыяльная гідраізаляцыя і афарбоўка блокаў", - адзначае інжынер тэхнагляду.
Дарэчы, зорку і лаўровыя галіны на самым канцы стэлы таксама збіраюцца ачысціць, каб яна зноў блішчала, як падчас адкрыцця манументальнага комплексу.
Абеліск "Мінск - горад-герой" быў адкрыты ў 1985 годзе да 40-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Стэла ўяўляе сабой 45-метровы абеліск, на піку якога размешчана зорка горада-героя, апраўленая лаўровай галіной. Яна размешчана на рукатворным узгорку. У падножжа абеліска ўстаноўлена мармуровая дошка з увекавечаным на ёй указам аб прысваенні звання "Горад-герой" Мінску і скульптура жанчыны, якая ўвасабляе вобраз Радзімы, з фанфарамі ў высока паднятых руках. Адразу за стэлай, завяршаючы манументальны комплекс, у 2014 годзе пабудаваны Беларускі музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.