ГРОДНА, 10 сту - Sputnik, Іна Грышук. Маштабныя работы па абнаўленні ўнутранага ўбрання ў адным з самых старажытных праваслаўных храмаў Беларусі - Каложскай царкве - завяршыліся ў Гродне. Цяпер сотні турыстаў і гараджан кожны дзень прыходзяць у святыню, каб паглядзець, як выглядае царква знутры.
Стала больш светла і прасторна
Працы ўнутры храма пачаліся на пачатку мінулага года. Будаўнікі абшылі знутры і абтынкавалі драўляную сцяну, цалкам замянілі столь храма, падлогу ў алтарнай частцы, перарабілі балкон для хору над уваходам і драўляную галерэю пад столлю ўздоўж аўтэнтычнай каменнай сцяны. Новая сцяна і столь выкананы ў светлых танах, балкон і галерэя - з цёмнага дубу. У тым жа колеры выкананая і размешчаная пад балконам царкоўная крама.
Каля алтара Каложскай царквы замянілі падлогу
© Sputnik / Инна Гришук
"Храм стаў больш светлы і прасторны, палепшылася акустыка. Станоўчыя змены заўважылі не толькі прадстаўнікі духавенства, але і парафіяне, і гіды, якія рэгулярна прыводзяць сюды групы турыстаў", - распавёў іерэй Барыса-Глебскай Каложскай царквы айцец Ігар Данільчык.
Падчас рамонту Каложская царква ні на адзін дзень не зачынялася. Тут праходзілі набажэнствы, сюды маглі вольна прыходзіць турысты і вернікі розных канфесій. Пакуль працавалі будаўнікі, паўднёвая сцяна была схаваная за драўляным шчытом. Зараз тут стаяць абразы, асобнае месца займае стэнд з фотаздымкамі, якія паказваюць, як праходзіў рамонт унутры і звонку храма.
Каложская царква ў Гродне
© Sputnik / Инна Гришук
Пацягнуліся паломнікі і гараджане
"Цяпер можна казаць, што Каложа, адна з галоўных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, выглядае годна і звонку, і ўнутры", - дадаў айцец Ігар.
Паводле яго слоў, бліжэй да заканчэння рамонту да Каложы павысілася цікавасць з боку простых гараджан, турыстаў, у тым ліку і бязвізавых. Людзі сталі больш актыўна прыходзіць, каб паглядзець, як змянілася царква. Больш актыўна сталі прыязджаць і пілігрымы з розных куткоў Беларусі.
Каложская царква ў Гродне
© Sputnik / Инна Гришук
Самая вядомая святыня, да якой прыязджаюць памаліцца і папрасіць аб дапамозе, - гэта спіс з абраза Каложскай Божай Маці. Арыгінал абраза, які вядомы з XVII стагоддзя, быў беззваротна згублены падчас эвакуацыі ў 1915 годзе. Абраз вывезлі на Усход, але ён недзе згубіўся з-за рэвалюцыі.
Цяперашні спіс выкананы па фатаграфіях, лічыцца цудадзейным, ён абвешаны шматлікімі дараваннямі, якія людзі пакідаюць у знак выканання сваіх просьбаў. Вернікі просяць дапамогі ў вырашэнні сямейных праблем, аб дараванні дзяцей і аздараўленні.
Яшчэ не ўсё
Работы па абнаўленні і захаванні храма не скончаны. У храме жартуюць, што вечнымі ў Каложы застаюцца толькі дзве рэчы - гэта Гасподзь Бог і рамонт. Прыкладна праз месяц тут абсталююць археалагічнае акно, праз якое наведвальнікі змогуць убачыць фрагменты старога падмурка і адной з чатырох разбураных старажытных калон храма.
Каложская царква ў Гродне
© Sputnik / Инна Гришук
Для гэтага ўнутры зробяць падсвятленне, а частку падлогі выканаюць з трывалага шкла.
Наступным этапам стане кансервацыя каменнай сцяны, якая захавалася. Таксама пачаліся навуковыя даследаванні па вывучэнні тэмпературнага рэжыму і вільготнасці ўнутры храма, пасля якіх стане зразумела, ці магчыма ў Каложу правесці ацяпленне. Усе работы вядуцца пад кантролем Міністэрства культуры Беларусі.
Працы ўнутры царквы сталі другім этапам маштабнага капрамонту. Напрыканцы студзеня мінулага года Каложы цалкам замянілі гнілую драўляную сцяну, якая знаходзілася ў аварыйным стане і магла абрынуцца, а таксама ўсталявалі новыя ўваходныя дзверы.
Каложская царква ў Гродне
© Sputnik / Инна Гришук
Каложская царква ў Гродне была пабудавана ў канцы XII стагоддзя. У сярэдзіне і канцы XIX стагоддзя частка заходняй і ўся паўднёвая сцены разбурыліся, таму што схіл гары абваліўся.
Каложа лічыцца адным з самых старых дзеючых храмаў краіны, ахоўваецца дзяржавай як помнік архітэктуры нулявой (самай вышэйшай) катэгорыі. У 2004 годзе храм быў уключаны ў лік кандыдатаў на ўнясенне ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.