Вечар напярэдадні Новага года паводле старога стылю называецца Шчодры вечар, Шчодрык або Шчадрэц. У гэты дзень гаспадыні гатавалі куццю, якую таксама называлі шчодрай або багатай, а таксама бліны з верашчакай і смажанай каўбасой, кашы, крупнік і іншыя смачныя стравы.
Шчадроўшчыкі, сярод якіх можна пазнаць добра вядомых персанажаў, такіх як Каза, Мадзведзь, Чорт і іншыя, абыходзілі хаты, спявалі песні і паказвалі невялічкія сцэнкі. У песнях-шчадроўках услаўлялі гаспадара з гаспадыняй, жадалі ім усяго найлепшага ў новым годзе.
У Беларускім дзяржаўным музее народнай архітэктуры і побыту зладзілі традыцыйныя абрады шчадравання: "Цыганкі" і "Шчодра". Таксама наведвальнікі музея маглі паваражыць, навучыцца танцаваць беларускія танцы, прыняць удзел у розных калядных конкурсах і ўбачыць паказ беларускага ценявога тэатра "Вяртэп" і батлейку.
Як прайшло свята, глядзіце ў фотастужцы Sputnik.