Брэнд нацыянальнай алімпійскай каманды TEAM BY прадставіў НАК

Асноўным лагатыпам новага брэнда беларускіх алімпійцаў стаў сіні бусел, які ляціць да перамог.
Sputnik

МІНСК, 17 сту - Sputnik. У новым брэндзе нацыянальнай алімпійскай каманды TEAM BY за аснову ўзяты палёт бусла, распавёў у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь вядучы спецыяліст па маркетынгу НАК Беларусі Віталь Астроўскі. Птушку палічылі найбольш вядомым сімвалам краіны.

НАК Беларусі запланаваў некалькі буйных мерапрыемстваў на 2019 год

"За аснову трэба было ўзяць тое, што асацыюецца ў людзей з Беларуссю. Было некалькі варыянтаў: васілёк, зубр, канюшына, бусел. Спыніліся на дызайнерскай канцэпцыі бусла", - адзначыў спікер.

Па словах суразмоўцы, птушка на эмблеме імкнецца направа (ляціць да перамог), а яе сіні колер увасабляе Беларусь сінявокую, намякаючы на вялікую колькасць рэк і азёр. Акрамя гэтага, на лагатыпе прадстаўлены каласы і іншыя ўзоры. У НАК спадзяюцца, што новы брэнд алімпійскай зборнай павысіць цікавасць да каманды, парадуе фанатаў і прыцягне новых гледачоў.

Дарэчы, брэндбук ужо складзены і ў бліжэйшы час будзе прэзентаваны шырокаму колу СМІ. Таксама канцэпцыя ўзгоднена з МАК, а брэнд TEAM BY беларуская каманда прадставіць на Алімпійскіх гульнях 2020.