Бібліятэкі Гомельшчыны атрымалі больш 400 камплектаў кніг Алексіевіч

Разам з мецэнатамі да гамяльчан прыехаў беларускі гісторык і пісьменнік, лаўрэат прэміі Гедройца-2018 Уладзімір Арлоў.
Sputnik

МІНСК, 18 сту - Sputnik. Бібліятэкі Гомельскай вобласці атрымалі ў дар пяцітомнік "Галасы Утопіі" першай беларускай нобелеўскай лаурэаткі Святланы Алексіевіч у сучасным перакладзе. Урачыстая цырымонія перадачы прайшла ў Гомельскай бібліятэцы імя Леніна, паведамілі арганізатары мерапрыемства.

Бібліятэкі Гомельшчыны атрымалі больш 400 камплектаў кніг Алексіевіч

Праект "Галасы Утопіі" прысвечаны выданню кніг нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч на беларускай мове паспяхова завяршыўся ў мінулым годзе. Ідэя перакладаў з’явілася яшчэ ў 2015 годзе. Праўда тады, выдавец Ігар Логвінаў прапанаваў выдаць старыя пераклады, але Алексіевіч ідэю не падтрымала. Так пяцітомнік з’явіўся ў сучасным перакладзе.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў, які перакладаў на беларускую мову "Чарнобыльскую малітву", звярнуў увагу, што усе кнігі выйшлі без цэнзарскіх правак, якіх было вельмі шмат у мінулых выданнях.

"Ва ўсіх сустрэчах і паездках я заўсёды адзначаў вернасць Святланы самой сабе, сваёй грамадзянскай і эстэтычнай пазіцыі, сваёй тэме, жанру і пісьменніцкай оптыцы. Думаю, што гэтая вернасць дапамагла ёй атрымаць Нобелеўскую прэмію", - распавёў перакладчык.

Праект "Галасы Утопіі" быў рэалізаваны праз краудфандынгавую платформу. Частку кніг замовіў Белгазпрамбанк і вырашыў перадаць іх беларускім бібліятэкам.

Бібліятэкі Гомельшчыны атрымалі больш 400 камплектаў кніг Алексіевіч

Першымі выданні атрымалі на Віцебшчыне – 452 камплекты. Для гамяльчан гэтая лічба аказалася крыху большай – 493 камплекты.

Старшыня праўлення банка Віктар Бабарыка падкрэсліў, што героеў кніг Святланы Алексіевіч ва ўсіх яе творах і гэтае выданне кніг звязвае незвычайны лёс.

"Героі аповесцяў вельмі хацелі быць шчаслівымі, але ў іх гэта ніяк не атрымлівалася. Такі ж лёс і у кніг Нобелеўскай лаўрэаткі, калі некаторыя вобласці Беларусі адмовіліся прымаць у дар кнігі", - патлумачыў ён.

Дарэчы, зараз пачаў працаваць новы праект – любая бібліятэка з Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, чыноўнікі якіх адмовіліся ад  бясплатных кніг, можа замовіць неабходную колькасць экзэмпляраў. Для афармлення замовы трэба пазначыць вобласць, раён, населены пункт і назву бібліятэкі. Сваіх уладальнікаў чакаюць крыху больш за 600 камплектаў кніг.