Мастацкі музей падрыхтаваў да юбілею свой гімн

Да лістапада ўстанова плануе абзавесціся і адмысловым штандартам.
Sputnik

МІНСК, 22 сту - Sputnik. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі да 80-гадовага юбілею падрыхтаваў свой гімн, паведаміў на прэс-канферэнцыі дырэктар установы Уладзімір Пракапцоў.

Пракапцоў у 65-гадовы юбілей: лічу, што маладзею

Упершыню гімн прагучыць на святочных мерапрыемствах, якія пройдуць у Мінску 24 студзеня. Менавіта ў гэты дзень, але ў 1939 годзе на вуліцы Карла Маркса, 29 адкрылася Мінская карцінная галерэя.

Прэм’ера адбудзецца ў выкананні лаурэата міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў канцэртнага хора Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі пад кіраўніцтвам Аляксея Снітко.

Гімн для Нацыянальнага мастацкага музея напісалі паэт Аліна Легастаева і кампазітар Аліна Безянсон.

Па словах Уладзіміра Пракапцова, да лістапада ўстанова плануе абзавесціся яшчэ адмысловым сцягам і штандартам.  Вырабляць штандарт будуць у Барысаве за кошт спонсарскіх сродкаў.

Менавіта восенню пройдуць асноўныя ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды юбілею.

Нацыянальны мастацкі музей больш нельга наведаць бясплатна

"Усе ўрачыстасці мы будзем ладзіць у лістападзе. Чаму так? Таму што ў лістападзе можна падвесці вынікі. Урачыстую цырымонію плануецца правесці ў Тэатры Янкі Купалы. Хачу нагадаць пра супадзенне: 5 лістапада ў 1957 годзе другі дырэктар музея Алена Аладава адкрыла будынак па вуліцы Леніна, 20, нам сам Бог загадаў святкаваць у лістападзе", - патлумачыў Пракапцоў.

Падарунак музею зрабіла і мінская фабрыка "Камунарка", якая падрыхтавала шакалад з выявай будынка музея, каробку цукерак з творам Івана Хруцкага "Партрэт незнаёмкі" і набор шакалада "Слуцкія паясы" з калекцыі Мастацкага музея.

Юбілейныя мерапрыемствы будуць праходзіць ва ўстанове напрацягу ўсяго года. Акрамя шматлікіх выстаў, прэзентацый і лекцый, на сакавік запланаваная Міжнародная канферэнцыя рэстаўратараў, дзе плануецца абмеркаваць стан рэстаўрацыйнай галіны Беларусі.