МІНСК, 29 сту - Sputnik. Выстава карцін легендарнага музыкі, лідара гурта "Акварыум" Барыса Грабеншчыкова адкрылася напярэдадні ў Нацыянальным мастацкім музеі. Ці праўда, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, высвятляла карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва.
Выстава "Татэмы Зімагораў" - гэта больш за трыццаць жывапісных работ, многія з якіх публіка ўбачыць упершыню. Падзею можна назваць чаканай яшчэ і таму, што пачынаючы з канца 80-х выставы праходзілі ў Маскве, Лондане, Санкт-Пецярбургу і Нью-Ёрку. У беларускую сталіцу Грабеншчыкоў прывёз сваю жывапісную творчасць упершыню.
"Ніколі не быў ні музыкам, ні мастаком"
Зімагоры - гэта людзі, якія так нізка апусціліся па сацыяльнай лесвіцы, што перайшлі мяжу беднасці, але пры гэтым адчуваюць сябе нядрэнна - працуюць, калі хочацца і жывуць у пячорах альбо іншых прыродных месцах. Так тлумачыць незвычайнае паняцце сам Грабеншчыкоў:
"Гэтае слова я ўпершыню сустрэў у літаратуры 19 стагоддзя. Мне падалося, што гэта апісанне вельмі дакладна супадае з вобразам жыцця гурта "Акварыум", таму стаў вывучаць гісторыю зімагораў".
Картины отлично вписались в пространство Художественного музея
© Sputnik / Алеся Шершнева
Музыкант падкрэсліў, што беларусы ўбачаць у асноўным яго новыя карціны.
"Я ніколі не быў музыкам і не адважваўся прэтэндаваць на гэтую пасаду. У мяне іншым разам атрымліваецца добра спяваць і граць на гітары. Акрамя таго, я не мастак і заўсёды чорнай зайздрасцю зайздросціў людзям, якія ўмеюць гэта рабіць. Напрыклад, мару навучыцца маляваць аблокі" , - падзяліўся Грабеншчыкоў.
Знакаміты музыка пачаў маляваць, калі на гарышчы дома ў першай жонкі знайшоў паўтара дзясятка чыстых загрунтаваных палотнаў, пэндзлі, фарбы і растваральнік. Магчыма, таму і з натхненнем у яго ўсё проста - каб пачаць тварыць досыць гэтых простых атрыбутаў.
"Усё здарылася прыкладна тады ж, калі пачаў пісаць больш-менш прыстойныя песні, гэта значыць у 76 годзе", - дадаў Грабеншчыкоў.
"Каб была мая воля, пісаў бы дзень і ноч"
Лідар гурта "Акварыум" падзяліўся з журналістамі, што стварэнне карцін для яго - гісторыя складаная, але паэтычная.
"Калі да дзвюх гадзін ночы, калі кладуцца спаць усе дамачадцы, я не падаю ад стомы, ведаю, што ў мяне ёсць дзве ці тры гадзіны, каб папрацаваць. Каб была мая воля, я б пісаў дзень і ноч, але для гэтага патрэбна мець магчымасць і час", - адзначыў музыка.
Выставка одного из родоначальников российской рок-музыки – событие грандиозное
© Sputnik / Алеся Шершнева
Грабеншчыкоў сціпла аднекваецца, калі яго называюць мастаком, а яго карціны - жывапісам. Ён запэўнівае, што мастаком ніколі сябе не лічыў, а як толькі гэта здарыцца, то яму "будзе прамая дарога ў вар'яцкі дом". Па гэтай жа прычыне музыка ніколі не маляваў вокладкі да сваіх альбомаў:
"Было б нядобра, калі б я стаў навязваць свае карціны людзям, якія проста хочуць слухаць музыку".
Любімы жанр музыкі - пейзаж, партрэтаў на мінскай выставе няма, хоць некаторыя гістарычныя асобы ўсё ж сустракаюцца, напрыклад, Атэла або Сталін.
Складана не заўважыць і захопленасць рэлігійнай тэмай - шмат карцін з выявамі крыжоў і цэркваў, упісаных у яркія пейзажы.
Часто на картинах Гребенщикова встречаются изображения церквей и крестов
© Sputnik / Алеся Шершнева
Жонка забараніла прадаваць дзве карціны
Асобная тэма на выставе Грабеншчыкова - назвы яго карцін. Некаторыя вельмі простыя, іншыя - заблытаныя і шматзначныя. Ёсць сярод іх тыя, якія тлумачаць самі карціны, напрыклад, "Атэла прамахнуўся" і "Паланенне Сталіна ірландскім народным героем Фер Дыядам".
Па прызнанні Грабеншчыкова, назвы сваіх карцін ён папросту чуе. "Я калі малюю, малюю тое, што адчуваю. Доўга стаю над карцінай і назва прыходзіць сама сабой", - распавёў ён.
Музыка не хавае: яго захапленне маляваннем дапамагае развівацца "Акварыуму". На атрыманыя ад продажу карцін грошы ён часам запісвае песні. Дарэчы, кошт самай дарагой карціны складае каля 25 тысяч еўра.
Лидер группы "Аквариум" скромно заявил, что никогда не относил себя к художникам
© Sputnik / Алеся Шершнева
Некаторыя карціны Грабеншчыкоў не прадае, а проста дорыць, але ёсць у яго асабістай калекцыі дзве, якія жонка прадаваць катэгарычна забараніла.
Выстава аднаго з родапачынальнікаў расійскай рок-музыкі ў Беларусі - падзея грандыёзная. У Нацыянальным мастацкім музеі падкрэслілі, што яе адкрыццё ў юбілейны год - гэта яшчэ адна магчымасць падкрэсліць, што музей умее думаць нестандартна і хоча прыцягнуць сюды людзей, якія па нейкіх прычынах ніколі не пайшлі б у музей.
Ад сябе варта дадаць, што прыйсці і ўбачыць выставу трэба хаця б дзеля надпісу "Ні храна сабе!" на сцяне аднаго з галоўных музеяў краіны.