Мільёны шакаладак - немец дзесяцігоддзямі віншаваў палачан з Калядамі

Ужо больш за чвэрць стагоддзя на Каляды кожны са ста тысяч жыхароў Полацка атрымлівае шакаладку з Германіі. З 1992 года падарункі дасылаў нямецкі бізнесмен Карл Фрэнкель. Пасля яго смерці традыцыю працягнуў сын.
Sputnik

Нямецкі бізнесмен Карл Фрэнкель нарадзіўся ў 1924 годзе ў Бад-Вальдзе. Калі ён памёр у 2008 годзе ў нямецкім Фрыдрыхсхафэне, развітацца з мецэнатам прыйшлі некалькі соцень чалавек.

Парэшткі сына Усяслава Чарадзея могуць знаходзіцца ў Полацку

Але імя спадара Фрэнкеля ведаюць не толькі на поўдні Германіі, але і на поўначы Беларусі.

Шакаладкі да святаў

У вайну Фрэнкель апынуўся на тэрыторыі Украіны. Атрымаў раненне, ледзь не трапіў у палон, але яго выходзіла ўкраінская жанчына. Акрыяўшы пасля ранення, Фрэнкель перабраўся за лінію фронту, а калі вайна скончылася, стаў дапамагаць Полацку - гораду-пабраціму Фрыдрыхсхафэна, у якім жыў.

У 90-х пад Каляды палачане бралі пашпарты і адпраўляліся ў бліжэйшы магазін. Фрэнкель пасля вайны заняўся бізнесам, адкрыў будаўнічую фірму, і год за годам дасылаў кожнаму жыхару горада плітку шакаладу. У часы дэфіцыту ў Полацк адпраўляўся не толькі шакалад, але і алей.

За гады сяброўства немца з горадам Фрэнкель даслаў палачанам 800 000 літраў алею і прыкладна 2,3 мільёна шакаладных плітак.

Вяслярны клуб у нямецкім горадзе атрымаў імя Карла Фрэнкеля, які захапляўся веславаннем. А полацкі байдарачны клуб атрымаў ад немца байдаркі. Сярод падарункаў Фрэнкеля - аўтамабілі для пажарнай і камунальнай службаў горада, абсталяванне для бальніц, карэты хуткай дапамогі. Але калі пра гэтыя падарункі ведаюць не ўсе, то наўрад ці ёсць палачане, якія не атрымлівалі падарунак на Каляды - "ад немца".

Сям'я Фрэнкеля жыве ў Фрыдрыхсхафэне, але сам мецэнат заставаўся заступнікам і для свайго роднага горада Бад-Вальдзэ. Ён дапамог парафіяльнай царкве, усталяваў фантан перад ратушай. Фрэнкеля ведалі як мецэната і ў рэгіёне вакол Фрыдрыхсхафэна - дзякуючы яго ахвяраванням адліваліся званы для цэркваў, рамантаваліся арганы ў касцёлах, ён дапамагаў дабрачынным арганізацыям, дзіцячым садкам.

Дзякуючы Фрэнкелю званы з'явіліся і ў полацкага касцёла. Звон для касцёла святога Андрэя Баболі стаў першым падарункам мецэната гораду. Ён асабіста прывёз яго ў 1992 годзе. На гэтым дапамога не скончылася - ён ахвяраваў медабсталяванне для полацкай бальніцы і абнавіў яе парк аўтамабіляў, дасылаў дзіцячае харчаванне для дзіцячых дамоў, а аднойчы адправіў у Полацк партыю зімовых дзіцячых чаравічак.

"Глыбокі вопыт спагады, спагадлівасці ... які Фрэнкель перажыў у гады вайны на Украіне і ў Беларусі, сфармаваў яго. Гэтыя гады былі для яго хвалюючым момантам, дзякуючы якому мы можам зразумець яго дзеянні і яго матывацыі", - сказаў біскуп Гебхарт Фюрст, уручаючы ордэн Фрэнкелю ў 2007 годзе.

Гэта было не першае прызнанне значнасці яго мецэнацкай дапамогі - ужо ў 1965 годзе Фрэнкель быў узнагароджаны ордэнам за заслугі перад ФРГ.

У 2003 годзе ён заснаваў Фонд Фрэнкеля, каб і пасля яго смерці людзі маглі атрымаць дапамогу.

"Ён, не вагаючыся, ахвяраваў тое, чым валодаў, тым, хто ў гэтым мае патрэбу", - адзначаў біскуп.

У 2004 годзе ў Германіі выйшла кніга, ў загаловак якой былі вынесены словы Фрэнкеля - "Чалавек павінен нешта зрабіць".

Як немцы дапамаглі палачаніну адшукаць магілу маці

У тым ліку дзякуючы Фрэнкелю 14 гадоў праіснавала нямецкая арганізацыя Polozk-Treff. Кіраваў ёй Фрыц Рук, які сышоў са сваёй пасады, калі яму было 78 гадоў. Як і Фрэнкель, Рук ганараваны ўзнагародай "За заслугі перад Полацкам".

Навукоўцы знайшлі пячатку Еўфрасінні Полацкай

Ён згадвае, як некалькі гадоў таму да яго звярнуўся палачанін з просьбай знайсці магілу яго маці, якая загінула падчас Другой сусветнай вайны ў нямецкім канцлагеры Эмендзінгенэ. Рук дапамог, і беларус прывёз на магілу жменю зямлі і кветкі.

Арганізацыя падтрымала сацыяльны прытулак, пры яе дапамозе стварылі сталовую Праваслаўнага жаночага манастыра, і яшчэ мноства дабрачынных акцый правялі дзякуючы Polozk-Treff.

"Шмат што стала магчымым дзякуючы шчодрай падтрымцы нашай асацыяцыі з боку Карла Фрэнкеля", - распавёў Рук у інтэрв'ю нямецкаму выданню Suedkurier.

Сярод ганаровых грамадзян Полацка шмат партнёраў з Фрыдрыхсхафэна. Яшчэ ў 1990 годзе старшыня рабочай групы па супрацоўніцтве паміж гарадамі спадар Уве Ленц і доктар Вольфганг Сіг прыехалі ў Полацк, каб пракансультаваць і падтрымаць мясцовую бальніцу.

А напярэдадні свайго 1150-годдзя горад атрымаў ад нямецкіх партнёраў чарговы медыцынскі падарунак - новае абсталяванне коштам у 5800 еўра, прызначанае для назірання за хворымі кардыялагічнага профілю.

Упершыню дэлегацыя з Фрыдрыхсхафэна прыехала ў Полацк у 1989 годзе.

"Усялякі пачатак цяжка. Так думала і наша дэлегацыя, калі ... мы ўпершыню наведалі савецкі горад Полацк, амаль цалкам разбураны нямецкімі войскамі ў гады Другой сусветнай вайны і які перажыў страту мноства чалавечых жыццяў. Аднак на што мы не разлічвалі, дык гэта на тую нечаканую дружбу , якая да сённяшняга дня звязвае нас з палачанамі", - пісаў Рук у звароце да жыхароў беларускага горада.