БАТЭ абыграў "Арсенал" і закахаў у сябе ўсіх

Гол "у распранальню" ў канцы першага тайма забіў Станіслаў Драгун, больш нікому не ўдалося ні зраўняць лік, ні яго палепшыць.
Sputnik

МІНСК, 15 лют - Sputnik. Барысаўскі футбольны клуб БАТЭ стварыў сенсацыю, абыграўшы на сваім полі лонданскі "Арсенал", перадае карэспандэнт Sputnik.

Матч 1/16 фіналу лігі Еўропы UEFA прайшоў у чацвер на "Барысаў-Арэне". Лонданцы у гасцях саступілі з лікам 1:0. Sputnik вёў тэкставую анлайн-трансляцыю сустрэчы.

Адзіны гол у самым канцы першага тайма забіў Станіслаў Драгун (45-я хвіліна) з падачы Ігара Стасевіча. Ужо ў другім тайме ў лонданцаў амаль атрымалася адыграцца, аднак суддзя залічыў афсайд.

Далей ні гасцям не ўдалося зраўняць лік, ні гаспадарам - нарасціць перавагу.

Сустрэча ў адказ пройдзе праз тыдзень у Лондане - барысаўчане згуляюць з "кананірамі" на стадыёне "Эмірэйтс".