Новыя званы на Чырвоным касцёле асвяціў мітрапаліт Кандрусевіч

Сотні мінскіх каталікоў прыйшлі ў адзін з самых прыгожых беларускіх касцёлаў на святочную імшу.
Sputnik
МІНСК, 17 лют - Sputnik. Кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі арцыбіскуп Мінска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў у нядзелю новыя званы на Чырвоным касцёле ў Мінску.
"Мы не палохаем інвестараў лічбамі": як аднаўляюць касцёл Святога Роха
У касцёле святых Сымона і Алены прайшла нядзельная служба, на якой прысутнічалі сотні вернікаў, перадае карэспандэнт Sputnik.
Святочную імшу адслужыў кіраўнік РКЦ у Беларусі мітрапаліт Кандрусевіч.
Касцёл святых Сымона і Алены, або Чырвоны касцёл, з'яўляецца адным з самых прыгожых культавых будынкаў Мінска і своеасаблівай візітнай карткай беларускай сталіцы.
Каля двух гадоў таму ў касцёле пачаліся рэстаўрацыйныя работы, але яго не зачынілі для вернікаў. Каталікі хацелі ўсталяваць на касцёле так званыя электронныя званы, але мінская мэрыя не дазволіла гэтага зрабіць, спаслаўшыся на скаргі жыхароў бліжэйшых дамоў.
Настаяцель Чырвонага касцёла Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк перад літургіяй выказаў надзею, што новыя званы чырвонага касцёла "Стануць Божым дарам не толькі Чырвонаму касцёлу, але і ўсяму Мінску, будуць заклікаць людзей да дабра і веры".
У сваю чаргу мітрапаліт Кандрусевіч, звяртаючыся да вернікаў, падкрэсліў, што новыя званы стануць не проста музычным інструментам, а голасам Бога.
Адлітыя ў Польшчы званы ўсталявалі на вежы Чырвонага касцёла ў кастрычніку 2018 года. Пробны звон новых званоў адбыўся 8 лютага 2019 года.