МІНСК, 20 лют - Sputnik. Беларуская парламенцкая дэлегацыя возьме ўдзел у працы 7-га Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання, які пройдзе ў Брусэлі, паведаміў старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Андрэй Навумовіч.
У Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання, як правіла, прымаюць удзел парламентарыі, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, грамадскіх і палітычных дзеячаў з больш чым 100 краін свету. Пра тое, што чарговы кангрэс пройдзе ў Брусэлі ў канцы лютага 2019 года, кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні абвясціла яшчэ ўвесну 2018 года.
"Планую выступіць з дакладам на Сусветным кангрэсе ў Брусэлі. Я буду казаць пра тое, што перад намі стаіць задача данесці да насельніцтва краіны інфармацыю па тэме прымянення выключнай меры пакарання", - паведаміў Sputnik ў сераду Навумовіч, які таксама ў беларускім парламенце ўзначальвае працоўную групу па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання.
Паводле яго слоў, еўрапейскія партнёры "выдатна дасведчаныя" аб тым, як беларускае грамадства ставіцца да гэтай праблемы.
У гэтай сувязі Навумовіч нагадаў пра тое, што рэферэндум, праведзены ў 1996 годзе, паказаў, што каля 80% грамадзян краіны падтрымліваюць прымяненне выключнай меры пакарання.
"Цяпер гэты працэнт крыху менш, але ўсё роўна пераважная большасць грамадзян краіны, надзеленых выбарчым правам, падтрымліваюць гэтую норму", - сказаў парламентарый.
Ён таксама паведаміў, што на палях брусэльскай канферэнцыі запланаваны шэраг сустрэч з замежнымі партнёрамі, на якіх будуць абмеркаваны пытанні парадку дня.
Адказваючы на пытанне аб тым, ці плануюцца ў бліжэйшы час парламенцкія слуханні па праблематыцы прымянення смяротнага пакарання, суразмоўца Sputnik паведаміў, што рашэнне аб іх правядзенні прымаюць дэпутаты шляхам галасавання, пакуль гэтае пытанне на разгляд у Авальную залу не выносілася.
У 2017 годзе ў парламенце не выключалі таго, што у 2018 годзе могуць адбыцца такія парламенцкія слуханні, але па шэрагу прычын не было прынята рашэнне аб іх правядзенні.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе выносяцца смяротныя прысуды і ўжываецца выключная мера пакарання. У 2019 беларускі суд ужо вынес смяротны прысуд: калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда прысудзіла да выключнай меры пакарання Аляксандра Асіповіча, які прызнаны вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасцю двух дзяўчат у Бабруйску.
У 2018 годзе ў Беларусі былі прыведзены ў выкананне смяротныя прысуды ў дачыненні да чатырох забойцаў. У цяперашні час чакаюць расстрэлу ў камеры смяротнікаў у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску два чалавекі, прызнаныя вінаватымі ў забойстве трох чалавек. Смяротныя прысуды 45-гадоваму Аляксандру Жыльнікаву і 23-гадоваму Вячаславу Сухарку ўступілі ў законную сілу.