МІНСК, 27 лют - Sputnik. Аранжавы ўзровень небяспекі аб'яўлены ў Беларусі на 28 лютага і 1 сакавіка з-за ўзмацнення ветру, папярэдзілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
"У чацвер, 28 лютага, у другой палове дня па захадзе рэспублікі і ў пятніцу 1 сакавіка на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-18 метраў у секунду", - распавялі сіноптыкі.
Ноччу і раніцай 1 сакавіка ў Мінску таксама чакаецца моцны вецер, хуткасць парываў якога будзе дасягаць 15-18 метраў у секунду.
Ветранае надвор'е захоўваецца ў Беларусі з мінулага тыдня. За гэты час сіноптыкі некалькі разоў аб'яўлялі аранжавы ўзровень небяспекі. Месцамі парывы ветру павалілі дрэвы, а ў Драгічыне вецер перакуліў два гандлёвыя павільёны. У Мінску на вуліцы Філатава на прыпаркаваны аўтамабіль упалі загараджальныя шчыты.
У МНС у чарговы раз нагадалі аб правілах бяспекі пры моцным ветры. У прыватнасці, у ведамстве парэкамендавалі вадзіцелям не ставіць аўтамабілі пад дрэвамі, пешаходам без патрэбы не выходзіць з дому, а ў выпадку, калі быў заўважаны абарваны провад або паваленае дрэва, трэба неадкладна паведамляць пра гэта па тэлефонах 101 і 112.