БАТЭ прайграў усе матчы ў групе на клубным ЧС па пляжным футболе

Барысаўчане не набралі ні аднаго бала і заўтра згуляюць за сёмае месца.
Sputnik

МІНСК, 1 сак - Sputnik. Барысаўскі БАТЭ пацярпеў трэцяе паражэнне на клубным Чэмпіянаце свету па пляжным футболе ў Маскве, паведамляе Sputnik.

Сёння барысаўчане правялі заключны матч групавога раўнда сусветнага першынства супраць маскоўскага "Спартака". Сустрэча завяршылася з лікам 6:3. У складзе "чырвона-белых" вызначыліся Андрэй Новікаў, Фёдар Зямскоў (дубль), Юрый Котаў, Анатоль Рабко, і яшчэ адзін гол барысаўчане забілі ва ўласныя вароты. У БАТЭ галамі адзначыліся Алег Гапон, Арцём Валошын, Андрэй Давідовіч.

Барысаўчане прайгралі ўсе тры матчы групавога раўнда і не змаглі выйсці ў паўфінал турніру. Нагадаем, раней БАТЭ прайграў лісабонскаму "Спортынгу" (4:5) і бразільскаму "Фламенга" (3:6).

Заўтра, 2 сакавіка, "жоўта-сінія" правядуць матч за сёмае месца.

"Спартак", выйграўшы ўсе тры сустрэчы, у суботу згуляе ў 1/2 фіналу ЧС.

Міжнароднае агенцтва і радыё Sputnik выступае медыяпартнерам чэмпіянату свету па пляжным футболе сярод клубаў (BSWW Mundialito de clubes).