МІНСК, 1 сак - Sputnik. Людзям нашым трэба пачынаць варушыцца, канстатаваў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас "Вялікай размовы" з прадстаўнікамі СМІ і паўтарыў свой пераўтвораны ў мем жарт "распранацца і працаваць".
Урад вельмі шмат зрабіў для таго, каб чалавек сёння мог варушыцца і зарабіць для сябе і для сваёй сям'і, перакананы прэзідэнт.
"Мы - транзітная краіна. Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Сёння ў Захаду і Усходу няма іншых артэрый зносінаў паміж сабой. Тут хто толькі не ездзіць. Ну так акажыце ім паслугу. Бульбы адварыце, мы ж бульбашы, дранікі выпякайце, гарбату прыгатуйце, аўтамабіль памыйце, яшчэ нешта - мора паслуг, калі чалавек едзе. Адрамантуе машыну. Каб у беларуса прадпрымальніцкая жылка прачыналася", - заклікаў Лукашэнка.
Ён растлумачыў - урад паспрабаваў стварыць умовы і для развіцця дробнага прадпрымальніцтва, і для развіцця буйнога бізнесу ў сферы IT.
"Калі нешта не зроблена, я, ужо раззлаваўшыся, публічна кажу - устань да люстэрка і паглядзі на сябе", - сказаў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ў краіне прадпрымальнікам далі столькі свабоды, што цяжка знайсці іншую настолькі ліберальную да прадпрымальнікаў краіну. Прэзідэнт пагадзіўся ўзяць 50% адказнасці за дабрабыт беларусаў на сябе, але яшчэ за 50% заклікаў адказваць самастойна.