Чаму на Масленіцу ядуць бліны?

Этнограф Ларыса Мятлеўская вучыць гатаваць самыя лепшыя масленічныя прысмакі – блінцы і казіны сыр.
Sputnik

Бліны – галоўная страва на Масленіцу. Жоўценькія і круглыя яны так нагадваюць цёплае вясновае сонейка. У народнай традыцыі гэта страва была абавязковым элементам цэлага шэрагу абрадавых комплексаў, звязвалася з ідэяй ахвяравання продкам. Існавала нават традыцыя класці гарачыя блінцы на акно, каб продкі сілкаваліся парай з іх.

Д'ябальскае свята: як святкавалі Масленіцу замужнія жанчыны

Менавіта ў суботу перад Масленіцай святкуюць Масленыя дзяды. Гэты дзень – першая нагода пачаць іх гатаваць. А каб атрымаць крыху жыватворнай моцы маладога сонца, трэба іх самім есці і чым больш, тым лепш.

Бліны заўсёды былі хітом на кухні беларусаў. Іх елі халоднымі і гарачымі, тонкімі і тоўстымі, са смятанай, варэннем і іншымі начынкамі. Змешваючы муку з розных круп спадзяваліся на добры ўраджай гэтых культур.

У гаспадынь існавалі свае правілы прыгатавання бліноў. Спрактыкаваная кухарка ведала, што бліннаму цесту трэба дагадзіцью Менавіта таму патэльню, якая лічыцца лепшай для выпечкі, не пазычалі нікому і мылі вельмі акуратна, бо паверхня скаварады павінна быць ідэальнай як люстэрка.

Масленка і Сырніца

Паколькі бліннае свята мае дзве назвы, варта ўшанаваць урачыстасць у гонар сонца і сырам, і блінамі.

Сыр з казінага малака

Інгрыдыенты:

  • 3 л казінага або каровіна малака
  • 50 г яблычнага воцату
  • Дробка кмену
  • Соль па смаку

Як гатаваць:

У шкляны альбо гліняны посуд уліць свежае малако,  дадаць туды дробку кмену, дадаць соль па смаку і ўліць воцат. Усё добра перамяшаць. Узяць вялікі гаршчок альбо каструлю, пакласці на дно кавалачак палатна і наліць амаль палову аб'ёму халоднай вады, паставіць туды посуд з малаком і адправіць у не вельмі гарачую печ альбо духоўку на 1 гадзіну.

Праз  гадзіну дастаць малако з печы і адкінуць яго на густое сіта папярэдне засланае рэдкім палатном альбо кавалкам марлі. Калі сыроватка сцячэ, сабраць рагі тканіны разам і добра адціснуць тварог. Атрымаецца сыр круглай формы, які трэба астудзіць. 

Сыр рэжуць на кавалкі і ядуць з хлебам або блінамі.

Сырнікі з казінага малака

Інгрыдыенты:

  • 400 г тварагу
  • 1 яйка
  • 1 ст лыжка цукру,
  • 2 ст лыжкі смятаны,
  • 2-4 ст лыжкі мукі,
  • 100 г разынак,
  • Дробка солі
  • 50 г алею альбо масла

Як гатаваць:

У тварог убіць яйка, дадаць смятану, соль, цукар і разынкі. Добра перамяшаць масу і патроху падсыпаць муку, каб цеста атрымалася далікатнае.

Разагрэць патэльню, уліць алей і выкласці сырнікі ў форме аладак, абсмажыць з двух бакоў.

Парада руплівай гаспадынкі: чым менш мукі ў цесце, тым смачнейшыя сырнікі.

Бліны на сыроватцы

Інгрыдыенты:

  • 1 л сыроваткі
  • 0,5 ст лыжкі соды
  • 1 яйка
  • Мука па патрэбе
  • Соль па смаку
  • Цукар па смаку

Як гатаваць:

У сыроватку сыплюць соду, каб добра запенілася. Дадаюць яйка, соль, цукар па смаку і мукі столькі, каб цеста было не густое і добра лілося.

Чаму на Масленіцу ядуць бліны?

На разагрэтую патэльню ўліваюць алей не шкадуючы і наліваюць два апалонікі цеста. Ставяць патэльню ў печ і чакаюць пакуль не зашкварчыць, каб перавярнуць блін на другі бок.

Да бліноў падаюць салодкае малако.