Букмекеры павышаюць шанцы Сяргея Лазарава на перамогу ў "Еўрабачанні"

Па стане на 5 сакавіка, шанцы Лазарава перамагчы ў конкурсе ацэньваюцца як адзін да пяці.
Sputnik

МІНСК, 6 сак - Sputnik. Прадстаўнік Расіі Сяргей Лазараў мае найвышэйшыя шанцы на перамогу ў конкурсе песні "Еўрабачанне-2019", сведчаць дадзеныя букмекерскіх кантор.

Квіткі на "Еўрабачанне-2019" паступілі ў продаж

Адным з фаварытаў будучага "Еўрабачання" букмекеры даўно называюць прадстаўніка Расіі Сяргея Лазарава - пры тым, што ён да гэтага часу не прэзентаваў сваю песню для конкурсу. Цікава, што ў апошнія дні шанцы артыста на перамогу растуць.

Па дадзеных на 5 сакавіка, букмекеры даюць 19% на перамогу Лазарава - практычна адзін да пяці. Яшчэ на мінулым тыдні прагнозы былі больш сціплымі.

На другое месца букмекеры пакуль ставяць Швецыю, хоць прадстаўнік краіны яшчэ не абвешчаны. На трыумф гэтай скандынаўскай краіны даюць 9%. На трэцяе месца ставяць Італію, якую прадставіць спявак Махмуд - 6% на перамогу. Замыкаюць топ-5 прадстаўнікі Ісландыі (Hatari) і Кіпра (Tamta) - у іх па 5% на перамогу.

Беларусь букмекеры пакуль ставяць толькі на 31 месца. Зрэшты, пасля фіналу нацыянальнага адбору, які пройдзе 7 сакавіка, шанцы краіны могуць змяніцца - як у лепшы, так і ў горшы бок.

Конкурс песні "Еўрабачанне-2019" пройдзе 14-18 мая ў Тэль-Авіве (Ізраіль). Удзельнічаць у шоу маюць намер прадстаўнікі 41 краіны свету.