МІНСК, 19 сак - Sputnik. Кінарэжысёр Марлен Хуцыеў пайшоў з жыцця ў аўторак у Боткінскай лякарні ў Маскве, пра гэта паведамілі ў Саюзе кінематаграфістаў РФ.
"Марлен Мартынавіча не стала а сёмай гадзіне раніцы. Ён памёр у Боткінскай бальніцы", - цытуе РІА "Новости" словы прадстаўніка творчага аб'яднання.
Вядома, што 93-гадовы Марлен Хуцыеў разам з жонкай Ірынай упершыню быў шпіталізаваны напярэдадні Новага года. Ён адмаўляўся ад шпіталізацыі без жонкі. Яна памерла 4 студзеня. У суботу, 16 сакавіка, рэжысёр быў экстрана дастаўлены ў рэанімацыю адной з маскоўскіх бальніц, дзе ён і знаходзіўся ўсе гэтыя дні. Урачы змагаліся за яго жыццё, але выратаваць яго не атрымалася.
Марлен Хуцыеў нарадзіўся 4 кастрычніка 1925 года ў Тбілісі (Грузія). Яго бацька загінуў у гады рэпрэсій, а маці, Ніно Уценелішвілі, была актрысай.
Ён пачынаў сваю кар'еру ў 1944 годзе на Тбіліскай кінастудыі ў якасці памочніка мастака камбінаваных здымак. У 1950 годзе Хуцыеў скончыў рэжысёрскі факультэт УДЗІКа. Сярод яго кінапрац фільмы "Горадабудаўнікі", "Вясна на Зарэчнай вуліцы", "Два Фёдары", "Застава Ільіча", "Ліпеньскі дождж", "Быў месяц май", "Пунсовы ветразь Парыжа", "Пасляслоўе" і "Бясконцасць".
Хуцыеў быў ганаровым членам Расійскай акадэміі мастацтваў, акадэмікам Расійскай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў "Ніка". Акрамя таго, у 1986 годзе ён атрымаў званне народнага артыста СССР, а ў 1993 стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі РФ. Ён быў узнагароджаны медалём "За доблесную працу", ордэнам "Знак Пашаны", ордэнам "За заслугі перад Айчынай" IV, III і II ступеняў, а таксама ордэнам Пашаны.