МІНСК, 25 сак - Sputnik. Пункт здачы Адзінага дзяржаўнага экзамену (АДЭ) для беларускіх абітурыентаў адкрыецца ў гэтым годзе ў Беларусі, заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу "Расія 24" пасол Расіі ў рэспубліцы Міхаіл Бабіч.
Беларусы, якія жадаюць паступаць у расійскія ВНУ, вымушаныя здаваць АДЭ на тэрыторыі РФ - у рэспубліцы такой магчымасці пакуль няма.
Як распавёў расійскі дыпламат у інтэрв'ю, ужо у 2019 годзе пункт здачы АДЭ будзе адкрыты і ў Беларусі. Канчатковае рашэнне пытання будзе прынята ў красавіку на сумеснай калегіі Мінасветы РФ і Мінадукацыі Беларусі.
Пункт здачы АДЭ можа быць арганізаваны на тэрыторыі расейскай амбасады.
Беларускія і расійскія грамадзяне маюць роўныя правы на паступленне ў ВНУ абедзвюх краін. Як заяўляў у лютым міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Міхаіл Кацюкоў, у расійскіх ВНУ навучаецца каля 14 тысяч беларусаў.
Тэма адукацыі падымалася прэзідэнтамі Беларусі і Расіі на сустрэчы ў Сочы 15 лютага. Да дыялогу паміж прэзідэнтамі былі падлучаныя і профільныя міністры. Акрамя адукацыі, абмяркоўвалі лідары інтэграцыю ў сферы культуры і спорту.