МІНСК, 29 сак - Sputnik. Дарожнае пакрыццё з падагрэвам на плошчы Перамогі плануюць зрабіць мінскія дарожнікі, пра гэта паведаміў падчас анлайн-канферэнцыі на тэлеканале "Беларусь-1" дырэктар "Гаррамаўтадара Мінгарвыканкама" Дзяніс Глінскі.
Да 75-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне аднайменную плошчу чакае сур'ёзны рамонт. Сярод планаў дарожнікаў - зрабіць на плошчы падагрэў дарожнага пакрыцця.
Як будзе ажыццёўляцца гэты праект, дырэктар "Гаррамаўтадара" пакуль не змог адказаць, толькі дадаў, што ў бліжэйшы час праекціроўшчыкі зоймуцца распрацоўкай пытання і "можа быць, падагрэў ад Вечнага агню неяк прыдумаюць".
У гэтым годзе спецыялісты павінны прыступіць да распрацоўкі праекта, а ў наступным пачнецца яго рэалізацыя.