МІНСК, 2 кра - Sputnik. Расійскі прадзюсар Віктар Дробыш папрасіў прабачэння за свае скандальнае выказванне з заклікам "перанесці" конкурс "Еўрабачанне" ў Бруней, адпаведны пост ён зрабіў у сваім Instagram.
Скандал вакол Віктара Дробыша пачаўся ў мінулыя выхадныя: каментуючы паведамленні аб увядзенні смяротнага пакарання за аднаполую сувязь у Брунеі, прадзюсар заклікаў перанесці туды "Еўрабачанне". Гэтыя словы многімі былі ацэненыя як гамафобныя і выклікалі бурнае абмеркаванне ў сацыяльных сетках.
Днём у панядзелак Дробыш за свае словы папрасіў прабачэння. Ён запісаў відэа, у якім напяваў адну з песень гурта Queen.
"Гэта самы мой любімы спявак, самы любімы чалавек у шоу-бізнесе", - распавёў ён.
Прадзюсар заклікаў усіх "не губляць пачуцця гумару" і падкрэсліў, што ў яго "вялікая колькасць сяброў" з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй.
"Я засмучаны, што мой іранічны пост пра новы закон дзяржавы Бруней выклікаў такую шуміху, і хачу папрасіць прабачэння за занадта жорсткі гумар, калі ён закрануў і абразіў пачуцці сэксуальных меншасцяў!" - дадаў Дробыш у апісанні да свайго відэа.
Скандальныя словы Дробыша прывялі да падзення рэйтынгаў яго падапечнай Зены, якая будзе прадстаўляць Беларусь на "Еўрабачанні-2019". Пасля заявы прадзюсара артыстка апусцілася на апошняе месца у букмекераў пры тым, што ў цэлым яе кампазіцыю ацэньваюць станоўча.