МІНСК, 3 кра - Sputnik. Штармавое папярэджанне з-за моцнага ветру абвешчана ў Беларусі на 4 красавіка. Аб непагодлівым надвор'і паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Пра ўзмацненне ветру сіноптыкі папярэдзілі жыхароў рэспублікі напярэдадні, а ў сераду працягнулі штармавое папярэджанне яшчэ на дзень.
"Увага! Днём 3 красавіка і на працягу сутак 4 красавіка месцамі па захадзе рэспублікі чакаецца ўзмацненне ветру", - паведамілі ў Белгідрамеце.
Па дадзеных сіноптыкаў, вецер будзе дзьмуць у паўднёва-ўсходнім кірунку, а яго парывы месцамі стануць дасягаць 15-18 метраў у секунду.
У цэлым надвор'е ў Беларусі ў чацвер будзе вызначаць паўднёва-заходняя перыферыя антыцыклону. Часам будзе воблачна, аднак ападкаў не чакаецца. Мінімальная тэмпература паветра ноччу і раніцай складзе -3..+2°С (месцамі пахаладае да -6°С), а ў сярэдзіне дня паветра прагрэецца максімум да +8..+14°С.
Як паведамілі сіноптыкі раней, у апошнія дні ў краіне было малавоблачна і суха, а сярэднясутачная тэмпература знаходзілася ў межах +2..+5°С, і гэты паказчык блізкі да кліматычнай нормы.