МІНСК, 6 кра - Sputnik. Урачыстая цырымонія прэзентацыі эстафеты агню "Полымя міру" II Еўрапейскіх гульняў 2019 года прайшла ў Мінску, паведамілі ў прэс-службе дырэкцыі гульняў.
"Сёння мы прэзентуем эстафету агню "Полымя міру" II Еўрапейскіх гульняў. У самой яе назве ўжо закладзена мэта, якую ставяць арганізатары мультыспартыўнага форуму: перш за ўсё, аб'яднаць усе краіны Еўропы вакол выдатнага свята, якое пройдзе ў Мінску і ператворыцца ў самую яркую падзею 2019 года", - сказаў кіраўнік фонду "Дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў" Георгій Катулін.
Спецыяльна для эстафеты факел распрацавала дызайнер Юлія Брайчук, а вырабілі яго ў Наваградку на заводзе газавай апаратуры. Новы факел Еўрапейскіх гульняў-2019 увасабляе ў сабе Алімпійскія каштоўнасці і палымяны вобраз "Папараць-кветкі".
Факел выраблены з нержавеючай сталі і яго вага ледзь перавышае 1,7 кілаграма, пры гэтым яго вышыня - 81 сантыметр. Праўда, арганізатары асабліва падкрэсліваюць, што вага і цэнтр цяжару размеркаваны так, каб з ім было максімальна зручна бегчы, і да таго ж факел можна прымацаваць да веласіпеда і інваліднай каляскі.
"Згодна з агульнасусветным стандартам правядзення падобных эстафет, працягласць гарэння факела складае каля 15 хвілін, што з'яўляецца дастатковым для таго, каб людзі, якія прымаюць удзел у эстафеце, змаглі пераадолець сваю дыстанцыю", - адзначылі ў прэс-службе.
Маршрут эстафеты "Полымя міру" стартуе ўжо 3 мая ў Рыме. Праз роўна 50 дзён шлях эстафеты завершыцца 21 чэрвеня урачыстым запальваннем алімпійскага агню на цэнтральнай арэне II Еўрапейскіх гульняў стадыёне "Дынама".
Факел з агнём пабывае ў 55 населеных пунктах на тэрыторыі васьмі краін Еўропы. Працягласць маршруту складзе 7700 км. У эстафеце прымуць удзел 450 факеланосцаў, 100 валанцёраў і 10 захавальнікаў агню.
Цікава, што ў планах арганізатараў стаіць і заваяванне вышэйшай кропкі Еўропы - гары Манблан. У Беларусь факел прыбудзе 12 мая і пабывае ў Белавежскай пушчы, на Аўгустоўскім канале, сядзібах Тадэвуша Касцюшкі і Міхала Агінскага, замках у Міры і Навагрудку і нават - у шахтах Салігорска.
Сёння на цырымоніі таксама была прэзентаваная форма удзельнікаў эстафеты, якую распрацавала беларускі дызайнер Юлія Латушкіна.