Пункты спрошчанага пропуску адкрыюць пагранічнікі напярэдадні святаў

Грамадзяне, якія пастаянна жывуць у прыгранічнай тэрыторыі, могуць перасекчы мяжу краіны па спрошчанай схеме.
Sputnik

МІНСК, 19 кра - Sputnik. Для жыхароў памежных тэрыторый на час рэлігійных свят адкрыюць пункты спрошчанага пропуску, распавялі ў ДПК.

"Неабходна ўлічваць, што ў названых пунктах спрошчанага пропуску будуць афармляць грамадзян, якія пастаянна пражываюць на памежнай тэрыторыі. Пры сабе неабходна мець пашпарт, а на мяжы з ЕС - яшчэ і візу", - адзначылі ў ведамстве.

На тэрыторыі адказнасці Лідскага пагранічнага атрада будуць працаваць "Геранёны", з літоўскага боку - "Кракуны". Скарыстацца пунктам пропуску можна будзе 21 і 28 красавіка з 11:00 да 17:00.

Лідскі пагранатрад таксама адкрые пункт пропуску "Піцкуны", з літоўскага боку - "Нарвілішкес". Скарыстацца ім можна ў тыя ж дні з 12:00 да 17:00, грамадзян будуць прапускаць толькі ў пешым парадку.

У Мазырскім памежным атрадзе пункт спрошчанага пропуску "Глушкевічы", з украінскага боку - "Будкі-Каменскага" - будзе працаваць 28 красавіка з 9:00 да 17:00.

У Пінскім пагранатрадзе ў пункце спрошчанага пропуску "Віўнева", з украінскага боку - "Дольск" - афармленне будзе ажыццяўляцца 28 і 29 красавіка з 9:00 да 18:00. Праз "Дзяржынск", ён жа ўкраінская "Познань", можна будзе прайсці 28 красавіка з 9:00 да 18:00.