У мінскім ТРЦ "Галерэя" прадставілі ўнікальныя ваенныя здымкі вызваленых гарадоў Еўропы. Праект складаецца з матэрыялаў Саўінфармбюро і прысвечаны доўгаму шляху вызвалення Еўропы ад фашысцкага нашэсця. Савецкія салдаты вызвалілі не толькі сваю радзіму - СССР, але і краіны Еўропы, паставіўшы пераможную кропку ў Берліне.
Упор у праекце зроблены на беларускія гарады, бо выстава таксама прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі. Усяго на выставе прадстаўлены 50 фотаработ, на якіх можна ўбачыць як бітвы, здымкі разбураных гарадоў з самалёта, так і хвіліны радасці салдат. Гора суседнічае з радасцю, жыццё са смерцю, ад чаго выстава - з пазнакай "18+".
Выстава карэспандэнтаў Саўінфармбюро працягнецца ў ТРЦ "Галерэя Мінск" да 12 мая. Далей фотапраект можа адправіцца ў Брэст, а да 3 ліпеня зноў вернецца ў Мінск.