МІНСК, 10 мая - Sputnik. Навальніцы пройдуць месцамі па Беларусі 10 мая, пра гэта папярэдзілі ў Белгідрамеце.
Па дадзеных сіноптыкаў, у пятніцу, 10 мая, у краіне будзе воблачна. У розных раёнах рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы, а месцамі чакаюцца нават навальніцы ў суправаджэнні парывістага ветру.
Тэмпература паветра ў начны час і ўранку пятніцы будзе знаходзіцца ў межах +2 .. + 12°С, а пасля абеду паветра прагрэецца у сярэднім па краіне да +13 .. + 19°С.
Як паведамілі ў Белгідрамеце, у Мінску 10 мая будзе воблачна з праясненнямі, у сталіцы таксама магчыма навальніца, верагоднасць ападкаў складае 80-90%, а ўдзень пацяплее толькі да + 14°С.
Згодна з папярэднімі прагнозамі на Gismeteo.by, на выхадных у рэспубліцы крыху пацяплее. Так, па дадзеных на сёння, у сталіцы ў суботу, 11 мая, паветра прагрэецца да + 16°С, а ўжо ў нядзелю, 12 мая, пацяплее да + 19°С. Ападкі на працягу ўікэнда ў Мінску будуць нязначнымі, з'явіцца сонца.