У Беларусі выбіраюць лепшую кнігу 2018 года. Пачалося чытацкае галасаванне

На гэты раз у спісе намінантаў – Альгерд Бахарэвіч, Віктар Марціновіч і Юлія Шарова.
Sputnik
МІНСК, 10 мая - Sputnik. Сёння ў Беларусі пачалося чытацкае галасаванне за найлепшую кнігу 2018 года, паведамілі ў Беларускім ПЭН-Цэнтры.
Любы жадаючы зможа прагаласаваць за творы, намінаваныя на прэмію "Кніга году" да 18 гадзін 28 мая.
Чытацкае галасаванне адбудзецца ў трэці раз. У мінулыя гады, паводле версіі чытачоў, кнігамі году станавіліся "Радзіва Прудок" Андруся Горвата і "Беларусалім" Паўла Севярынца.
На гэты раз у спісе намінантаў апынуліся "Ноч" Віктара Марціновіча, "Вяртанне Ліліт" Юліі Шаровай, "Мае дзевяностыя" Альгерда Бахарэвіча і іншыя.
Афіцыйная прэмія "Кніга году" прысуджаецца адной найлепшай кнізе, выдадзенай у папярэднім годзе. У склад вялікага журы мае права уваходзіць любы беларускі пісьменнік і перакладчык. Сёлета гэта 103 літаратары.
Народнае галасаванне з’явілася ў дадатак да пісьменніцкага з ініцыятывы чытачоў. Вынікі галасавання не ўплываюць на афіцыйную прэмію і не залежаць ад яе.