Мінскі веласіпедны тыдзень стартаваў у сталіцы ў суботу. Адкрыўся ён маштабным мерапрыемствам - міжнароднай шашэйнай велагонкай, дзеля якой часткова перакрыты праспект Пераможцаў.
Падчас гонкі, якая расцягнецца на 176 кіламетраў, за ўзнагароды спаборнічаюць паўтары сотні спартсменаў з 12 краін свету. Ім трэба будзе пераадолець праспект і адправіцца за горад, каб аб'ехаць пяць кругоў уздоўж Заслаўскага вадасховішча.
Пераможца і прызёры атрымаюць прэстыжныя ўзнагароды, а акрамя іх ўзнагародзяць яшчэ лепшага маладога, беларускага і самага актыўнага гоншчыкаў, адзначаць і лепшую каманду.