"Фэст кавалёў" ужо не ў першы раз праходзіць у аграсядзібе "Хутар Дудара", якая знаходзіцца ў Валожынскім раёне Беларусі.
Гаспадар сядзібы, спадар Алесь Лось - прафесійны мастак, музыкант, адна са знакавых постацяў у справе захавання беларускіх нацыянальных традыцый. Ён займаўся адраджэннем старадаўняга беларускага лялечнага тэатра "батлейка", зборам фальклору - народных песень, танцаў, традыцыйнай інструментальнай музыкі, вывучаў розныя тэхнікі народнай гульні на скрыпцы, цымбалах, бубне. Акрамя таго, ён адзіны ў Беларусі майстар, які вырабляе дуды, ліры і іншыя народныя інструменты.
На сваім хутары 11 мая Алесь Лось сабраў лепшых, на яго думку, кавалёў Беларусі: Алеся Міхалевіча з Мінска, Юрася Фурса з Пастаў, Вадзіма Буглака з Івянца і Уладзіміра Някрасава з Ракава.
Кавальскі пленэр Алесь Лось прысвяціў дню нараджэння Станіслава Манюшкі і памяці яго сяброў Сыракомлі і Дуніна-Марцінкевіча.
Кавалі прыехалі са сваімі вырабамі, інструментам і пераноснымі горнамі. Кожны атрымаў асобнае заданне выкаваць па эскізах арыгінальны крыж для ўпрыгожвання новай шыльды сядзібы.
Потым адбыўся святочны абед з дэгустацыяй мясцовага тайнага чароўнага напою і канцэрт на свежым паветры.
Спяваў свае песні Алесь Камоцкі, Антаніна Хатэнка чытала свае вершы і вершы Сыракомлі, гучалі паланэзы і міні-опера Манюшкі "Лірнік Вясковы".