МІНСК, 14 мая - Sputnik. Пагадненне паміж Беларуссю і Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму практычна гатова да падпісання, заявіў у эфіры тэлеканала АНТ еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёханэс Хан.
Афіцыйныя Мінск і Брусэль ужо некалькі гадоў абмяркоўваюць шэраг важных пагадненняў, у тым ліку - пра прыярытэты партнёрства, спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісіі. Сёння дакументы практычна гатовыя, аднак даты падпісання пакуль не вядомыя.
Асноўная прычына ў тым, што Беларусь і Еўрасаюз да гэтага часу не падпісалі пагадненне аб прыярытэтах партнёрства - пазіцыя Літвы. Аднак і гэта не ставіць крыж на дакуменце.
"Зараз мы абмяркоўваем з краінамі-партнёрамі, як вырашыць гэтую праблему, якая паўстала паміж Літвой і Беларуссю", - заявіў у панядзелак журналістам у кулуарах саміту "Усходняга партнёрства" Хан.
Еўракамісар падкрэсліў, што пагадненне аб прыярытэтах супрацоўніцтва будзе падпісана. Лёс іншых пагадненняў - аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі - менш няясны: дакументы ўжо гатовыя, перамовы па іх завершаны.
"Літаральна шукаем месца і час для падпісання", - дадаў Хан.
У выпадку падпісання пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму шэнгенскія візы для беларусаў патаннеюць да 35 еўра. У адваротным выпадку неўзабаве атрымаць візу стане яшчэ даражэй, чым цяпер - яе кошт неўзабаве будзе павялічаны для трэціх краін да 80 еўра.