Аляксандр Кулінковіч заснаваў гурт Neuro Dubel у 1989 годзе і да самай смерці заставаўся яго бяссменным лідарам. Гурт хутка праславіўся на беларускай альтэрнатыўнай рок-сцэне. Масавую папулярнасць Neuro Dubel атрымаў яшчэ ў сярэдзіне 90-х, дзякуючы хітам "Охотник и сайгак", "Переехала комбайном", "Ворсинки и катышки". У 2004 годзе гурт выдаў цалкам беларускамоўны альбом "Танкі".
Галоўным сакрэтам даўгалецця гурта Аляксандр Кулінковіч лічыў тое, што музыканты ніколі не думалі, што гэта сур'ёзна і надоўга" – пра гэта лідар калектыва распавёў на ўручэнні музычнай прэміі RockProfi ў маі 2017 года. Тады гурт быў узнагароджаны за ўнёсак у беларускую музыку.
Займацца музыкай Аляксандр Кулінковіч пачаў яшчэ ў школе. Музыка распавядаў, што яго першыя музычныя спробы адбыліся ў 14 гадоў пад шумавы акампанемент рухавіка пральнай машыны.
"Мы ўключалі вілку ў разетку, білі па рондалю, прамаўлялі нейкія тэксты, якія я пісаў. Карацей, гэты быў індастрыэл і панк-рок у адным флаконе", - казаў Кулінковіч.
Кулінковіч не толькі пеў у гурце, але і здымаўся ў кіно. Апошні фільм з яго ўдзелам, "PARTY-ZAN фільм", выйшаў у 2016 годзе.
Аляксандр Кулінковіч няўчасна пайшоў з жыцця 4 жніўня 2018 года. Яму было ўсяго 46 гадоў.
У дзень нараджэння выбітнага музыкі Sputnik сабраў яго песні. Сёння ў клубе Re: Public Neuro Dubel сыграе традыцыйны канцэрт, прысвечаны памяці свайго заснавальніка.