МІНСК, 22 мая - Sputnik. У першым квартале сярэдні заробак у Беларусі склаў 1026 рублёў, заявіў на пасяджэнні ўрада прэм'ер-міністр Сяргей Румас.
Паводле яго слоў, у першым квартале гэтага года ўдалося забяспечыць сярэдні заробак на ўзроўні тысячы рублёў. Пры гэтым, паводле звестак Белстата, у красавіку сярэднія даходы беларусаў дасягнулі адзнакі 1074 рубля з "нарастаючым вынікам за чатыры месяцы - 1026 рублёў", - удакладніў кіраўнік урада.
"На жаль, у краіне ёсць яшчэ прадпрыемствы, дзе сярэдні заробак не дасягае і 400 рублёў. Таму, як мы дамаўляліся, да канца першага паўгоддзя ў краіне такіх прадпрыемстваў быць не павінна", - цытуе Сяргея Румаса БелТА.
Пры гэтым перад беларускімі чыноўнікамі па-ранейшаму стаіць задача кантраляваць своечасовасць выплаты заробкаў. Арганізацыі, якія дапускаюць пратэрміноўку, будуць узяты на кантроль.
Сяргей Румас растлумачыў, што ў дадзеных выпадках адказнасць у першую чаргу будуць несці дырэктары прадпрыемстваў, якія дапусцілі падобную сітуацыю.
Нягледзячы на ўсе прынятыя намаганні з боку ўрада ў Беларусі ўсё яшчэ ёсць прадпрыемствы, дзе "суадносіны росту прадукцыйнасці працы і заробку менш за адзінку".
"Я не заклікаю зніжаць заробак - я заклікаю павялічваць прадукцыйнасць працы", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.