Лукашэнка даручыў пасадзіць у Курапатах больш дрэваў

Па словах прэзідэнта, недапушчальна, каб ва ўрочышчы нешта рабілася без дазволу.
Sputnik

МІНСК, 24 мая - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў заняцца дадатковай пасадкай дрэў ва ўрочышчы Курапаты, пра гэта ён заявіў у пятніцу ў ходзе азнаямлення з добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля МКАД.

Лукашэнка пра Курапаты: прывядзём у парадак, а рэстаран няхай працуе

Работы па добраўпарадкаванні Курапатаў прайшлі ў красавіку - неўзабаве пасля адпаведнага даручэння кіраўніка дзяржавы. У пятніцу ўрочышча стала адным з прыпынкаў прэзідэнта ў ходзе азнаямлення з добраўпарадкаваннем тэрыторый ля кальцавой.

"Тут трэба заняцца дадаткова пасадкай дрэў. І яны, хто там ляжыць (яны нас бачаць), дзякуй скажуць. Па перыметры туі можна. Падумайце, як канчаткова добраўпарадкаваць Курапаты. Некалі мы яшчэ пройдзем, паглядзім. Але недапушчальна, каб хтосьці тут нешта рабіў без дазволу. Гэта ж палітычная дэманстрацыя. Гэта камусьці трэба. Можаш прыйсці, калі ласка, памаліся, пакладзі кветкі і сыходзь, не мяшай гэтым людзям", - даручыў Лукашэнка.

У цэлым, прэзідэнт запатрабаваў больш актыўных і прадуманых работ па азеляненні ўздоўж МКАД. Асаблівая ўвага - развязкам, адхонам, пустым тэрыторыям.

Раней прэзідэнт неаднаразова заклікаў навесці на тэрыторыі ўрочышча парадак і арганізаваць там месца памяці. Не так даўно ў Курапатах быў усталяваны мемарыял.