Радыё

Ярмошына супраць сельсаветаў: гэта чыста дэкаратыўныя органы

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына распавяла, як на месцах арганізаваць рэальную, падсправаздачную мясцоваму насельніцтву ўладу замест цяперашніх сельскіх і пасялковых саветаў дэпутатаў, у якіх мінімум паўнамоцтваў.
Sputnik
Ярмошына супраць сельсаветаў: гэта чыста дэкаратыўныя органы

Беларусі трэба пераходзіць на больш канкрэтнае мясцовае самакіраванне, і пачынаць з першаснага - сельскага і пасялковага ўзроўню, такое меркаванне выказала ў эфіры СТБ старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Рэспублікі Беларусь Лідзія Ярмошына.

"Я даўно выступаю за тое, каб сельскія і пасялковыя саветы як органы, я не кажу аб адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках, былі скасаваныя, і каб мы не абіралі сельскіх і пасялковых дэпутатаў, у якіх мінімум паўнамоцтваў, гэта чыста дэкаратыўныя органы, а мы абіралі кіраўнікоў мясцовых сельскіх адміністрацый", - распавяла Ярмошына.

Такім чынам, на думку кіраўніка ЦВК, на месцах прадстаўнічая і выканаўчая ўлада будзе злучаная ў адну.

"Вяскоўцаў, калі яны ўдзельнічаюць у выбарах, іх цікавіць толькі адно - хто будзе старшынёй сельскага савета, так давайце вось гэтага старшыню будзем абіраць непасрэдна самімі вяскоўцамі, а не дэпутатамі, таму што ён усё роўна сумяшчае і прадстаўнічую, і выканаўчую ўладу, але яго фармальна выбіраюць потым дэпутаты сельскага савета", - патлумачыла Ярмошына.

Аднак, паводле слоў кіраўніка ЦВК, пакуль у краіне не зменіцца Канстытуцыя, немагчыма ўнесці змены ў мясцовае самакіраванне на такім узроўні.

"Давайце паглядзім, як яно пойдзе. Калі яно добра спрацуе на гэтым узроўні, можа, мы потым пяройдзем і на ўзровень раёна, на ўзровень горада, і ў нас будуць сапраўды абіраныя мэры гарадоў", -сказала Ярмошына.

На думку кіраўніка ЦВК, такія новаўвядзенні выклічуць вялікую цікавасць, і гэта будзе "рэальная падсправаздачная мясцоваму насельніцтву ўлада", падагульніла Ярмошына.