Легендарны "Пясняр" Леанід Барткевіч святкуе юбілей

У суботу заслужаны артыст Беларусі, які выканаў такія хіты, як "Александрына", "Беларусь", "Алеся" і "Белавежская пушча", адзначае 70-годдзе.
Sputnik

МІНСК, 24 мая - Sputnik. Заслужаны артыст Беларусі, эстрадны спявак Леанід Барткевіч святкуе ў суботу 70-гадовы юбілей, паведамляе Sputnik.

Лукашэнка, "Песняры" і пушча: што грузіны ведаюць пра Беларусь

Леанід Барткевіч нарадзіўся 25 мая 1949 года ў Мінску. Яго захапленне музыкай пачалося ў дзіцячыя гады: артыст ужо тады выступаў у хоры хлопчыкаў Палаца піянераў, скончыў музычную школу па класе трубы і граў на гітары. Атрымліваць музычную спецыяльнасць ён не стаў і паступіў у архітэктурны тэхнікум, дзе ўсё ж працягнуў займацца музыкай - быў салістам аркестра навучальнай установы, а пазней салістам ансамбля "Залатыя яблыкі". Пры гэтым ён працаваў архітэктарам у "Белніігіпрасельстрой".

Пазней, у 1970 годзе талент Барткевіча заўважыў мастацкі кіраўнік ансамбля "Песняры" Уладзімір Мулявін, ён запрасіў маладога музыку ў свой калектыў. У выніку Леанід Барткевіч стаў голасам "Песняроў". Ён выканаў такія хіты як "Александрына", "Беларусь", "Алеся", "Белавежская пушча", "Купалінка" і многія іншыя. З ансамблем Барткевіч пабываў на гастролях у ЗША. "Песняры" сталі першымі ўладальнікамі "Залатога дыска" СССР.

У 1980 годзе артыст усё ж вырашыў працягнуць сваю музычную адукацыю і паступіў у Расійскі інстытут тэатральнага мастацтва (ГІЦІС) на курс эстраднага рэжысёра Ёакіма Шароева. З-за вучобы Барткевіч вымушаны быў сысці з "Песняроў". У 1983 годзе ён стаў салістам Беларускага тэлебачання і радыё. У 1989 годзе разам з жонкай, алімпійскай чэмпіёнкай па спартыўнай гімнастыцы Вольгай Корбут і сынам пераехаў у ЗША. Там ён пражыў амаль дзесяць гадоў, а пасля вярнуўся на радзіму і ў ансамбль.

У "Песнярах" Леанід Барткевіч працаваў да самай смерці Уладзіміра Мулявіна ў 2003 годзе. Пасля ён з некалькімі калегамі стварыў свой ансамбль з такой жа назвай. Ён перастаў існаваць у 2008 годзе, а ў 2009 артыст аб'яднаўся з музыкамі Анатолем Кашапаравым і Алегам Моўчанам ў новы ансамбль "Песняры". Барткевіч узначальвае яго і цяпер.

За ўсю сваю кар'еру Леанід Барткевіч атрымаў нямала ўзнагарод. У 1973 годзе ён стаў лаўрэатам I прэміі Усесаюзнага конкурсу савецкай песні, у 1979 атрымаў званне заслужанага артыста Беларусі. Музыка не раз станавіўся лаўрэатам міжнародных фестываляў і конкурсаў.

Нягледзячы на тое, што Барткевіч ўсё сваё жыццё прысвяціў музыцы, як архітэктар ён таксама пакінуў след у гісторыі сваёй краіны: на аснове яго дыпломнага праекта быў пабудаваны мінскі кінатэатр "Кастрычнік".