МІНСК, 5 чэр - Sputnik. Пасол Расіі Дзмітрый Мезенцаў уручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею.
Рашэнне аб прызначэнні новага пасла ў Мінску прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прыняў 30 красавіка. Для таго, каб прыступіць да новай працы Дзмітрыю Мезенцаву прыйшлося скласці паўнамоцтвы сенатара ў Савеце Федэрацыі.
"Уладзімір Макей павіншаваў пасла Расіі з пачаткам дыпламатычнай місіі ў нашай краіне і выказаў надзею на яго актыўную працу ў мэтах далейшага ўмацавання ўсебаковых беларуска-расійскіх адносін", - удакладнілі ў прэс-службе беларускага МЗС.
Напярэдадні прыезду ў Беларусь новы расійскі пасол у інтэрв'ю тэлеканалу "Расія-24" распавёў пра сваю сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам і выказаўся наконт вырашэння сітуацыі вакол трубаправода "Дружба".
Цікава, што на пытанне пра тое, як правільна называць нашую краіну Дзмітрый Мезенцаў адказаў у дыпламатычным тоне: "Другога чэрвеня я адлятаю да свайго новага працоўнага месца - у сталіцу Рэспублікі Беларусь".
Раней, адказваючы на пытанне карэспандэнта Sputnik пра верагоднасць сустрэчы з кіраўніком расійскай дыпмісіі, Уладзімір Макей сказаў: "як толькі ён прыедзе, мы адразу ж сустракаемся. У нас практыка звычайная, калі паслы любой краіны прыбываюць у Беларусь, праз дзень-два, тры максімум адбываецца сустрэча ў міністэрстве замежных спраў, дзе паслы ўручаюць копіі даверчых грамат".