МІНСК, 7 чэр - Sputnik. Забарона на наведванне лясных угоддзяў уведзена ўжо ў дзесяці раёнах Беларусі, сведчаць дадзеныя Міністэрства лясной гаспадаркі рэспублікі.
У апошнія дні ў краіне ўсталявалася гарачае надвор'е, што павялічыла рызыку ўзнікнення пажараў у лясах. У сувязі з гэтым мясцовыя ўлады пачалі ўводзіць абмежаванні на паходы грамадзян на прыроду.
Па дадзеных Мінлясгаса, па стане на чацвер 6 чэрвеня забароны дзейнічаюць у дзесяці раёнах дзвюх абласцей - Мінскай і Гомельскай. Так, пакуль нельга хадзіць у лес у Мінскім, Стаўбцоўскім, Дзяржынскім, Чачэрскім, Веткаўскім, Рэчыцкім, Гомельскім, Добрушскім, Лоеўскім і Брагінскім раёнах.
Парушэнне забароны на наведванне лясоў або патрабаванняў пажарнай бяспекі, якое не пацягнула прычынення шкоды, можа карацца папярэджаннем або штрафам да 25 базавых велічынь (612,5 рублёў). У выпадку калі парушэнне пацягнула знішчэнне або пашкоджанне лесу, парушальніку пагражае штраф ад 25 да 50 базавых велічынь (1125 рублёў).
Паводле звестак Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, гарачае надвор'е захаваецца ў краіне як мінімум да канца гэтага тыдня, таму не выключана, што геаграфія забаронаў будзе пашырана.