Больш за 22 тысячы абітурыентаў здадуць сёння ЦТ па беларускай мове

Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе ў 11:00, на рашэнне 40 заданняў абітурыентам адводзіцца не больш за дзве гадзіны.
Sputnik

МІНСК, 11 чэр - Sputnik. Больш за 22 тысячы абітурыентаў здадуць у аўторак цэнтралізаванае тэсціраванне (ЦТ) па беларускай мове, паведамляе Sputnik.

ЦТ па беларускай мове: апошні шанец падрыхтавацца

Цэнтралізаванае тэсціраванне - асноўны этап уступнай кампаніі ў Беларусі. Ужо па традыцыі першым абітурыенты здаюць ЦТ па беларускай мове.

Здаваць ЦТ па беларускай мове ў 2019 годзе вырашылі крыху больш за 22 тысячы абітурыентаў. Для параўнання: рускую мову будуць здаваць амаль у тры разы больш чалавек - каля 63 тысяч.

На рашэнне 40 заданняў абітурыентам адведзена дзве гадзіны. Пачнецца цэнтралізаванае тэсціраванне ў 11:00.

Варта памятаць, што праход у пункты правядзення ЦТ магчымы толькі па выдадзеным пры рэгістрацыі пропуску і дакументам, якія засведчваюць асобу.

Наступнае ЦТ пройдзе 13 чэрвеня - абітурыенты будуць здаваць іспыт па рускай мове. Вынікі тэсціравання, як правіла, з'яўляюцца на працягу дзесяці дзён пасля здачы.

Чытайце таксама: