Апублікаваная карта забароненых зон для палётаў дронаў на час Еўрапейскіх гульняў

Усяго ў Мінску і яго ваколіцах выдзелена шэсць зон, дзе будзе абмежавана выкарыстанне паветранага транспарту, уключаючы беспілотныя лятальныя апараты.
Sputnik

МІНСК, 12 чэр - Sputnik. Упраўленне Узброеных Сіл па выкарыстанні паветранай прасторы апублікавала карту забароненых зон, дзе нельга будзе запускаць дроны на час II Еўрапейскіх гульняў.

Увядзенне гэтых мер было прапісана ва ўказе № 191 "Аб мерах бяспекі ў перыяд правядзення II Еўрапейскіх гульняў 2019 года", які прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 20 мая.

Усяго ў Мінску і яго ваколіцах выдзелена шэсць зон, дзе будзе абмежавана выкарыстанне паветранага транспарту, уключаючы беспілотныя лятальныя апараты.

Першая, самая шырокая зона знаходзіцца ў межах МКАД: уздоўж праспекта Пераможцаў да плошчы Ванеева і вуліцы Дзянісаўскай. Астатнія зоны маюць форму круга: цэнтр другой знаходзіцца ў раёне станцыі метро "Пятроўшчына", яна захоплівае частку мікрараёнаў Малінаўка і Курасоўшчына. Трэцяя зона знаходзіцца ў раёне Заслаўя і накрывае вяслярны канал. Чацвёртая размешчана ў мінскім мікрараёне Уручча, пятая - ад плошчы Якуба Коласа да станцыі метро "Маскоўская", шостая - у раёне "Чыжоўка-Арэны".

Апублікаваная карта забароненых зон для палётаў дронаў на час Еўрапейскіх гульняў

Дроны ў гэтых лакацыях нельга будзе запускаць з 17 чэрвеня па 4 ліпеня, парушальнікаў праваахоўнікі будуць караць, а БПЛА - канфіскоўваць.