Радыё

МУС: на пляжах у спякоту нельга піць піва і прыставаць да тых, хто адпачывае

Распіццё спіртнога і піва на пляжы можа абярнуцца штрафам, роўна як і купанне ў неналежных месцах, а таксама абразлівае прыставанне да навакольных людзей, напярэдадні выхадных нагадваюць у МУС.
Sputnik
МУС: на пляжах у спякоту нельга піць піва і прыставаць да тых, хто адпачывае

У сувязі са спякотай і новымі тэмпературнымі рэкордамі ў Беларусі праваахоўныя органы напярэдадні выхадных распачалі дадатковыя меры па забеспячэнні бяспекі грамадзян, асабліва гэта тычыцца вадаёмаў і месцаў масавага адпачынку - усяго іх у краіне каля 600, з іх 545 знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад рэк і азёр.

Тэмпературны рэкорд за ўсю гісторыю метэаназіранняў быў пабіты ў Беларусі

Гаворка ідзе аб павелічэнні колькасці нарадаў ДАІ і патрульна-паставой службы побач з курортнымі зонамі, а таксама аб рэгулярных рэйдах міліцыі сумесна з МНС, АСВАД і прыродаахоўнымі службамі ў месцах адпачынку паблізу Мінска і абласных цэнтраў, дзе збіраецца больш за ўсё адпачывальнікаў, паведаміў старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзялення каардынацыі арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення МДБ МУС Аляксандр Чалей.

"Ад пачатку мая органамі ўнутраных спраў выяўлена больш за дзве тысячы розных адміністрацыйных правапарушэнняў у месцах масавага адпачынку. У прыватнасці, за ўжыванне  алкагольных напояў да адказнасці прыцягнута больш за 1 100 асоб, за здзяйсненне дробнага хуліганства - больш за 60 грамадзян, за розныя парушэнні ПДР - больш за 700", - распавёў прадстаўнік МУС.

Афіцыйны сайт МУС Беларусі нагадвае пра адказнасць за некарэктныя дзеянні ў месцах адпачынку незалежна ад умоў надвор'я:

- у зонах адпачынку і на пляжах забаронена распіваць алкагольныя, слабаалкагольныя напоі і піва, за гэта прадугледжаны штраф да 8 базавых велічынь (204 рублі), у выпадку паўторнага парушэння - да 15 базавых або адміністрацыйны арышт;

- абразлівае прыставанне да навакольных расцэньваецца як дробнае хуліганства і караецца штрафам ад ад 2 да 30 базавых або арыштам;

- штраф ад 1 да 3 базавых велічынь прадугледжаны за купанне ў забароненых месцах, а вогнішча ў непрадугледжаным месцы, ды яшчэ і ў гарачае надвор'е, абернецца штрафам да 12 базавых велічынь.

Нагадаем, аранжавы ўзровень небяспекі ў сувязі з гарачым надвор'ем падоўжаны да суботы, 15 чэрвеня, уключна.

Каментар прадстаўніка МУС Аляксандра Чалея слухайце ў аўдыёзапісе на радыё Sputnik Беларусь.